
Ужо каторы раз творчыя людзі з нашага раёна прымаюць удзел у святкаванні “Славянскага базару” у Віцебску. Не выключэннем быў і сёлетні год. На “Шаркаўшчынскім падворку” свае кулінарныя вырабы дэманстраваў народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” і ўдзельнічаў у абласным “экалагічным свяце”, на “ура” успрымаліся выступленні ансамбля “Каліна” з Васюкоў.
А ў “Горадзе майстроў” традыцыйна праходзілі конкурсы народных рамеснікаў. Спачатку мела статус абласнога свята-конкурс майстроў ткацтва “Палатняныя пераплёты”. Але затым перарасло ў міжнароднае. У спаборніцтве прынялі ўдзел ткачыхі-віртуозы не толькі з Беларусі, а і Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Дарэчы,“Палатняныя пераплёты”стартавалі сумесна з вялікай выставай народных касцюмаў Віцебшчыны, якую падрыхтавалі прыдзвінскія дамы рамёстваў.
Асноўнай мэтай свята-конкурсу была дэманстрацыя жыхарам горада і гасцям фестывалю аднаго з традыцыйных відаў народнай творчасці беларусаў — ткацтва. Праца за кроснамі расцягнулася на некалькі дзён.Усе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у майстар-класах і паспрабаваць уласнымі рукамі зрабіць прыгожы падарунак для родных і блізкіх. Ткачыхі дэманстравалі разнастайную тэхніку ткацтва, характэрную для той ці іншай мясцовасці, арыгінальныя ўзоры вырабаў з хатніх калекцый. У час работы вядучых майстроў было арганізавана прыгожае сузіральнае відовішча. На вачах у гледачоў ткаліся арыгінальныя рэчы. Адначасова майстрыцы выконвалі конкурсныя заданні. А праводзіўся конкурс у наступных творчых намінацыях: ткацтва посцілак, ручнікоў, палавікоў і паясоў.
Ад нашага раёна ўжо не першы год прымала ўдзел у такім конкурсе Ганна Рымдзёнак — метадыст Дома ганчара. Кампетэнтнае журы ацэньвала майстэрства па хатніх калекцыях работ, а таксама па практычных заданнях, выкананых на працягу двух дзён фестывалю. Узначальваў журы доктар мастацтвазнаўства, старшыня саюза майстроў Беларусі Яўген Міхайлавіч Сахута. Журы высока ацаніла прафесійнае майстэрства нашай удзельніцы конкурсу: у намінацыі “ткацтва посцілкі” Ганне Міхайлаўне не было роўных. Яна і атрымала ганаровае першае месца.
Пераможца ўзнагароджана Ганаровай граматай і каштоўным падарункам. У сваю чаргу Ганна аддзячыла арганізатарам —абласному навукова-метадычнаму цэнтру народнай творчасці — перадаўшы ў фонд цэнтра сваю конкурсную работу. Яна зойме ганаровае месца ў час дэманстрацыі экспазіцый.
Трэба сказаць, што Ганна — адданая сваёй справе майстрыца. Яна вельмі старанна і ўдумліва ставіцца да выканання задуманай ёй рэчы, якая затым заслугоўвае ўвагі ў гледачоў. Не было таго свята — раённага ці абласнога маштабу, каб Ганна з мужам Сяргеем (ганчаром) не прымалі ў іх удзел. Яны абодва жывуць сваёй творчасцю і ў іх усё атрымліваецца. З перамогай цябе, Ганна!
Кацярына СОСНА.
