Шаркаўчане — лепшыя ў вобласці

Общество

З мэтай арыентавання дзяцей у культуры, традыцыях і звычаях беларускага народа Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна сумесна з абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму са студзеня па май праводзілі конкурс бібліятэчных дзіцячых гульнёвых праграм «Забава».

Сярод шматлікіх устаноў культуры бібліятэчнага тыпу Віцебшчыны паспрачацца за званне лепшай вырашыла і дзіцячая бібліятэка нашага гарадскога пасёлка. Яе супрацоўнік Людміла Казіцкая распрацавала сцэнарый гульнёвай праграмы «Ляліны забавы». А дапамогу ёй аказалі ўдзельніцы літаратурнага гуртка «Жывое слова» Аня Пальчэх і Кіра Нікалаева. Тэатралізаваная дзея, на якой прысутнічалі настаўнікі і вучні СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына, адбылася ў пачатку красавіка ў сценах дзіцячай бібліятэкі.

І вось напрыканцы мая журы падвяло вынікі і запрасіла ў Віцебск для ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў абласнога конкурсу. Прыемна адзначыць, што шаркаўчане занялі першае месца.

— Вельмі радасна, што наша праца адзначана такой высокай узнагародай, — кажа Людміла Аляксандраўна. — Наперадзе ў нас яшчэ вялікае мноства ідэй і задумак, якія разам абавязкова ўвасобім у жыццё.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.