
Напярэдадні Дня ведаў у мэтах аказання адраснай сацыяльнай падтрымкі сем’ям, якія маюць складанасці з падтрыхтоўкай да новага навучальнага года, а таксама дзіцячым інтэрнатным установам у перыяд з 1 жніўня па 15 верасня праводзіцца рэспубліканская дабрачынная акцыя «У школу з Добрым Сэрцам». Пра правядзенне акцыі ў нашым раёне нам расказала выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ Алена Ананіч.
— Сабраныя намі сродкі пайшлі на набыццё прыналежнасцяў, якія спатрэбяцца дзецям у школе, — сшыткаў, алоўкаў, гуашы, каляровай паперы, акварэляў, абгортак для сшыткаў і іншага. Усё гэта мы аддалі ў Шаркаўшчынскі сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе імі будуць карыстацца яго маленькія выхаванцы. Таксама хочацца выказаць словы падзякі прыватным прадпрымальнікам Барысу і Вользе Касцюкевічам, Эме Картвілішвілі, якія адгукнуліся на просьбу і падаравалі прадметы абутку і адзежы, якія таксама перададзены ў цэнтр. Хачу сказаць, што акцыя працягнецца да 15 верасня. У магазіне канцылярскіх тавараў кожны наведвальнік можа купіць што-небудзь са школьных прыналежнасцяў, пакласці ў спецыяльную скарбонку, якая будзе размяшчацца ў гэтым жа магазіне і з якой сабраныя прадметы будуць у далейшым перададзены па прызначэнні. Такім чынам, кожны шаркаўчанін можа зрабіць добрую справу і стаць удзельнікам дабрачыннай акцыі.
Андрэй БУРЭЦ, фота Марыны ЖАКАЎКА.
