
Вопыт да работніка любой галіны вытворчасці прыходзіць з часам. Чалавек становіцца прафесіяналам ў сваёй справе, калі паступова, год за годам, удасканальвае сваё майстэрства, крок за крокам авалодвае навыкамі работы на тэхнічных сродках. Калі, працуючы ў калектыве, з усёй паўнатой адказнасці адносіцца да выканання даручанага яму ўчастка работы.
Валерый Іванавіч Тадасіеў працуе ў ПМК-68 ужо дванаццаць гадоў. Працяглы тэрмін узначальвае прафесійную комплексную брыгаду, якой пад сілу розныя віды работ. “Чалавек сваёй справы”, — кажуць падначаленыя пра свайго брыгадзіра. Штогод калектыў Валерыя Іванавіча займае лідзіруючыя пазіцыі па тэмпах і аб’ёмах выкананых работ на прадпрыемстве. Работнікі брыгады заўсёды знаходзяцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва арганізацыі, аб чым сведчаць Падзякі, Ганаровыя граматы ад ДКУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68” і КУВПБП “Полацксельбуд”. Валерый Иванавіч прыйшоў у будаўнічую галіну не выпадкова, хоць і не мае спецыяльнай адукацыі. Яго бацька быў будаўніком-самавучкай, лёгка спраўляўся са сталярнымі работамі любой складанасці. Свае навыкі ён і перадаў сыну Валерыю, які пэўны час працаваў у саўгасе “Гарадзец”, а зараз шчыруе на самых адказных будаўнічых аб’ектах раёна.
— Састаў нашай брыгады нязменна працуе амаль дзесяць год, — кажа Валерый Іванавіч. — Кожны рабочы сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Бо вядома, колькі напрацуеш — столькі і заробіш. Будматэрыялы да нас дастаўляюцца своечасова, таму і прастояў мы не дапускаем, нават перавыконваем даведзеныя нормы выпрацоўкі. Пэўны час працавалі на малочнатаварнай ферме ў Пашках. Цяпер вось займаемся заліўкай пляцовак для выгулу жывёлы на МТФ у Варонцы. Аб’ём работ трэба выканаць вялікі, таму часу для прамаруджвання няма. Акрамя таго, што ў наяўнасці ў брыгадзе ёсць шуфлі і лапаты, бо без іх ніяк не абыйсціся, са сродкаў малой механізацыі маем яшчэ і бензапілы, балгаркі, перфаратары, вібрарэйкі і г. д. Але ж галоўны фактар паспяховай работы, канечне ж, людзі, тыя, з кім плячо ў плячо штодзень працуем на аб’ектах. Гэта Сяргей Раковіч, Дзяніс Хаданёнак, Васіль Захараў, Аляксандр Дзюшко, Міхаіл Рачыцкі, Віктар Падгайскі, Пётр Буйка, Генадзь Дубоўскі, Валерый Мароз. Часова, на летні перыяд, падзарабіць грошай да нас далучыліся Аляксандр Міхалапаў і Аляксандр Данільчанка. Працуюць яны старанна, ні ў чым не ўступаюць вопытным будаўнікам.
Як даведаліся мы ў адміністрацыі ПМК-68, комплексная брыгада В. І. Тадасіева заняла першае месца ў міжкалектыўным спаборніцтве сярод брыгад арганізацыі. Шчыра віншуем з перамогай! Тым больш, што яна значымая ўдвая — заваявана напярэдадні прафесійнага свята.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
