Шмат год на заслужаным адпачынку знаходзіцца былы механізатар ААТ «Ельня-Агра» Мар’ян Грыдзюшка. Але, як толькі наступае гарачая пара ў сельгаспрадпрыемстве, ветэран працы прыходзіць на дапамогу гаспадарцы.
З пачаткам вясенняй пасяўной кампаніі мужчына ў працоўным страі. Ён разам з іншымі механізатарамі выконвае любую даручаную справу на сваім трактары «Беларус» МТЗ-82. Сёлета падчас корманарыхтоўкі ён займаецца зграбаннем правяленай травяной масы ў валкі для наступнага прасавання ў рулоны або для здрабнення на сянаж.
— Мар’ян Станіслававіч наш нязменны памочнік, — упэўнена сцвярджае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч. — Дзякуючы яму і іншым ветэранам працы, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але ў гарачую пару выходзяць на дапамогу гаспадарцы, нашы вытворчыя паказчыкі — на высокім узроўні. Мар’ян станіслававіч не толькі бездакорна і якасна выконвае даручаную справу, але з яго яшчэ бяруць прыклад маладыя трактарысты, якія толькі пачынаюць спасцігаць механізатарскую справу.
Нашай гаспадаркай сёлета запланавана было нарыхтаваць 365 тон сена, а на цяперашні момант своечасова зрулонена і пакладзена ў сховішча 360 тон. У высокіх вытворчых паказчыках, несумненна, ёсць вялікая заслуга і ветэрана сельгасвытворчасці Мар’яна Станіслававіча Грыдзюшкі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

