У РАНС праводзілі ў адстаўку старшага інструктара-выратавальніка Андрэя Івоніна

Общество

У выратавальнікаў-пажарных існуе даўняя традыцыя згодна якой кожны, хто адпраўляецца на заслужаны адпачынак, праходзіць у літаральным сэнсе скрозь ваду.

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях праводзілі ў адстаўку старшага інструктара-выратавальніка Андрэя Івоніна. На ўнутраным двары РАНС размясцілі спецтэхніку, ад якой праклалі імправізаваную сцежку з пажарных рукавоў. Андрэй Уладзіміравіч, павольна ступаючы, крочыў пад струменямі халоднай вады ў баявой спецвопратцы. Саслужыўцы дадаткова аблілі свайго таварыша і з пажарных ствалоў. Прынята лічыць, што тым самым змываюцца сажа і пыл, якія назапасіліся за гады службы. У промнях ранішняга ўзыходзячага сонца ў струменях вады ўтварылася прыгожая штучная вясёлка, якая нібы развітвалася з выратавальнікам і казала: «Дзякуй за бездакорную службу, Андрэй Уладзіміравіч!».

Амаль трыццаць год Андрэй Івонін адслужыў у радах шаркаўшчынскіх вогняборцаў. Пачынаў з пасады камандзіра аддзялення паста ваенізаванай пажарнай службы вёскі Васюкі.

За гэты час было ўсё: і тэрміновыя выклікі на ліквідацыю пажараў, і выратаванне абяссіленых людзей з палаючых дамоў, і аказанне дапамогі пацярпелым пры дарожна-транспартных здарэннях. І ва ўсім ён, звычайны шаркаўшчынскі хлопец, стараўся быць першым, без прамаруджвання прымаў рашэнні і аператыўна дзейнічаў, бо ведаў — ад гэтага залежыць жыццё тых, каму патрэбна яго дапамога.

— Не, знаходзіцца на пенсіі я не збіраюся, — з усмешкай прамовіў Андрэй на развітанне. — Наперадзе новыя задумкі, новыя планы і новая работа, на якой я, упэўнены, буду прыносіць карысць сваёй сям’і і грамадству.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.