Кіраўнік КУВСП «Гарадзец» Аляксандр Сулікоўскі ўзнагародзіў лепшых аграрыяў

Сельское хозяйство

Жніво — адна з асноўных тэм, якая адлюстроўваецца на старонках нашай газеты ў дадзены час. Нагодай для паездкі ў КУВСП «Гарадзец» стала прамежкавае падвядзенне вынікаў уборачнай кампаніі. Стаяла сухое сонечнае надвор’е, усе пяць адзінак зернеўборачных камбайнаў, якія маюцца ў гаспадарцы, працавалі на абмалоце ячменю каля вёскі Рубашкі. Адзін за адным камбайнеры спынялі сваю магутную тэхніку пад разгрузку. У гэты час да аграрыяў завіталі кіраўніцтва і прадстаўнікі адміністрацыі гаспадаркі. Са словамі шчырай удзячнасці за нялёгкую працу да хлебаробаў звярнуўся кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Сулікоўскі. Да яго далучыліся вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Наталля Катушонак і прадстаўнік прафкама гаспадаркі Вераніка Ярмош, якія ўручылі працаўнікам памятныя падарункі.

Нягледзячы на аб’ектыўныя прычыны, з якімі сутыкаюцца работнікі сельскай гаспадаркі падчас жніва, уборачная кампанія ў «Гарадцы» праходзіць на належным узроўні. За штурваламі камбайнаў знаходзяцца як вопытныя хлебаробы, так і моладзь. Зерне ўраджаю 2023 года ў дзяржаўныя засекі адпраўляюць з бункераў сваіх камбайнаў Юрый Леановіч, Віктар Урублеўскі, Аляксандр Морхат, Андрэй Каснікоўскі, Раман Феер. Зладжана працуюць і вадзіцелі грузавых аўтамабіляў на адвозе зерня Іван Прахаронак, Віктар Шабан, Сяргей Краснадубскі. Безперабойна працуюць збожжатакі ў аграгарадку Верацеі, дзе ідзе ачыстка насення азімага ячменю пад далейшую яго сяўбу, а таксама ў аграгарадку Лужкі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.