
Глядзельную залу РДК напярэдадні свайго прафесійнага свята напоўнілі, тыя, хто мае непасрэднае дачыненне да будаўнічай галіны. Дырэктар ДКУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68” А. Ф. Хліманкоў з віншавальным словам звярнуўся да сваіх калег. Ён агучыў асноўныя паказчыкі, з якімі арганізацыя сустракае прафесійнае свята. Па словах дырэктара, асноўным фактарам зладжанай, мэтанакіраванай і паспяховай работы з’яўляюцца людзі: ветэраны, якія маюць багаты, неацэнны вопыт, і моладзь, старанна спасцігаючая навыкі старэйшага пакалення. Анатоль Фёдаравіч лепшым працаўнікам арганізацыі ўручыў граматы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.
Старшыня райвыканкама М. І. Баговіч, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці, падкрэсліў, што работнікі ПМК-68 уносяць неацэнны ўклад у дабрабыт раёна. А якасць выконваемых імі работ заслугоўвае самай высокай адзнакі і павагі. За шматгадовую, добрасумленную працу Ганаровымі граматамі райвыканкама Мікалай Ірынархавіч адзначыў некаторых прадстаўнікоў будаўнічай галіны.
Генеральны дырэктар КУВПБП “Полацксельбуд” А. М. Сямёнаў ахарактарызаваў Шаркаўшчынскую ПМК-68 як арганізацыю з самай высокай дысцыплінай працы, паказчыкамі па вытворчасці і заработнай плаце. Сярод сямнаццаці аналагічных прадпрыемстваў вобласці, падначаленых Полацкаму трэсту, шаркаўшчынскія будаўнікі заўсёды знаходзяцца ў лідарах. За бездакорную, добрасумленную працу ў сістэме сельскага будаўніцтва, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Аляксандр Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы і падзякі КУВПБП “Полацксельбуд” перадавікам Шаркаўчынскай ПМК-68.
Радасны, святочны настрой усім прысутным у той дзень дарылі танцамі, музыкай і песнямі самадзейныя артысты РДК. Яны ж на заканчэнне канцэртнай праграмы пад апладысменты гледачоў разам праспявалі песню “Гімн будаўнікоў”.

Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
