Нататкі з рэйду з інспектарам ДПС

Актуальное

наяўнасць дакументаў у механізатара ААТ “Буеўшчына” А. К. Падобы правярае інспектар ДПС ДАІ Д. А. Краўчанка

Лета — самая насычаная пара года, калі на дарогах з’яўляецца вялікая колькасць транспартных сродкаў. Дзяржаўная тэхніка на поўную моц задзейнічана на корманарыхтоўцы і ўборцы зерневых. Прыватнікі скарыстоўваюць цёплае надвор’е, каб адправіцца на аўтамабілі на адпачынак ці па іншых справах. І, канечне ж, матыцыклісты, якія ў летні перыяд найбольш актывізуюць рух сваіх транспартных сродкаў. У краіне з 9 па 18 жніўня праводзіліся прафілактычныя мерапрыемствы “Матацыкліст”, мэта якіх была ў мінімізацыі сезонных аварыйных абставін з удзелам матацыклістаў.

Карэспандэнт нашай газеты сумесна з інспектарамі ДПС ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС Д. А. Краўчанкам і Э. М. Шапалоўскім у адзін са жнівеньскіх дзён адправіліся ў сумесны рэйд па раёне на аўтамабілі перасоўнага наркалагічнага пункта. Асноўная мэта — выяўленне вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія знаходзяцца за рулём у нецвярозым стане.

Накіроўваючыся ў ААТ “Буеўшчына”, каля в. Валожанкі трапіўся матацыкліст. Супрацоўнікі ДАІ праверылі дакументы — яны аказаліся ў парадку. Алкатэст паказаў поўную адсутнасць алкаголю ў арганізме. Што ж, можна і далей смела рухацца ў дарогу… На гэтай жа трасе было прыпынена яшчэ некалькі транспартных адзінак, правераны іх тэхнічны стан і стан саміх вадзіцеляў. Парушэнняў не зафіксавана.

На збожжатаку ў в. Іёды на поўную моц кіпела работа, працавала некалькі адзінак тэхнікі. Інспектар ДАІ Д. А. Краўчанка, праверыўшы наяўнасць дакументаў у механізатараў, пажадаў ім плённай працы. Вядома, у час уборачнай калгаснікам адпачываць “пад хмяльком” не выпадае і не хочацца — зараз у іх асноўны заробак.

А вось у в. Ваўкоўшчына выпадак адваротны. Трапіўся сустрэчны легкавы аўтамабіль “Фіат”. У аўтаўладальніка праверылі дакументы — усе аказаліся ў наяўнасці. А вось “запашок”, які ішоў ад вадзіцеля, яўна казаў пра тое, што малады чалавек ноччу вельмі бурна адпачываў у кампаніі. І сапраўды, алкатэст паказаў 0,53 праміле алкаголю ў арганізме (норма — да 0,29 праміле). Маўляў, учора вечарам выпіў паўлітровую бутэльку піва. Але ж як высветліў участковы інспектар С. Г. Дарашчонак, які прысутнічаў у рэйдзе па Іёдскаму сельскаму Савету, кампанія адпачываючых ужывала гарэлку, рэшткі якой і зафіксаваў алкатэст у арганізме грамадзяніна Н., жыхара Докшыцкага раёна. Малады хлопец пажадаў здаць аналіз крыві, бо вельмі не хацелася пазбаўляцца вадзіцельскага пасведчання. Гэту працэдуру зрабілі ў райбальніцы, дзе праз два тыдні будуць вядомы вынікі, а яны, па словах медыцынскіх работнікаў, ні ў якім разе не будуць на карысць правапарушальніка. Бо алкаголь у крыві затрымліваецца на тры дні. Вось і засталося госцю з Докшыцкага раёна толькі асэнсоўваць свой неабдуманы ўчынак. Тым больш, што працуе ён вадзіцелем. Зараз грамадзяніну Н. пагражае пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на тэрмін да трох гадоў і ўнушальны штраф.

Далейшая рэйдавая паездка праходзіла па дарозе ў ААТ “Васюкі”. Асноўны транспарт, які сустракаўся, быў сельскагаспадарчы — вадзіцелі і механізатары спяшаліся на палеткі. Ні ў кога з прыпыненых парушэнняў не зафіксавана.

У в. Жданы трапіўся мясцовы жыхар, грамадзянін С., які накіроўвася ў бок аг. Васюкі на мапедзе, не маючы ні вадзіцельскага пасведчання, ні моташлема, ні рэгістрацыйнага знака. Супрацоўнікамі ДАІ мапед быў часова адабраны, а яго ўладальнік дастаўлены ў РАУС для далейшага высвятлення абставін.

Па праўдзе кажучы, з самага пачатку рэйду думалася, што асноўнымі парушальнікамі ПДР будуць вадзіцелі і механізатары сельгаспрадпрыемстваў. А аказалася наадварот — прыватнікі, якія нічым не занятыя, адпачываюць за рулём у кампаніі з алкаголем, ці з ветрыкам гойсаюць без моташлемаў і дакументаў на сваіх двухколавых сябрах — першая прычына дарожна-транспартных здарэнняў.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *