Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла” ў Малых Алашках

Актуальное

бойка пілавалі дровы Яўген і Юлія Шчукіны

У рамках фестывалю “Светлы яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”, што адбыўся ў Малых Алашках 17 жніўня, прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. Паспрачацца за званне мацнейшай далі згоду тры сям’і: Яўген, Алёна і Насця Пестун з ААТ “Агратэхсэрвіс”, Дмітрый, Анжэла і Маргарыта Ананіч з ААТ “Васюкі”, Яўген, Юлія і Мілана Шчукіны з ААТ “Ельня-Агра”. Канкурсанты не толькі прыкладныя сем’яніны, яны яшчэ і перадавікі вытворчасці, удзельнікі і пераможцы культурна-масавых мерапрыемстваў.

У “Прывітанні” удзельнікі стараліся хто як мага лепей прадставіць сваю сям’ю, яе заняткі і хобі. Здзіўлялі кулінарнымі шэдэўрамі, з густам прыгатаванымі ўмелымі рукамі гаспадынь у конкурсе “Яблычныя стравы”. Перабраць на хуткасць і якасць бульбу — наступны іспыт, што меў назву “Бульбашы”. І гэта конкурснае заданне аказалася па сілах усім тром камандам. Крыху з рознымі рэзультатамі гаспадыні прайшлі іспыт у чыстцы бульбы. Хтосьці затраціў больш часу, аддаўшы перавагу якасці.

Сумесная распілоўка дроў, іх расколка і правільнае складанне паленаў выявілі лідараў спаборніцтва. У агульным заліку па большай суме набраных балаў пераможцамі раённага этапа “Уладар сяла” выйшла сям’я Ананічаў. З невялікім адставаннем другое месца ў сям’і Шчукіных, на трэцім — сям’я Пестунаў.

Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч павіншаваў усіх удзельнікаў спаборніцтва і ўручыў каштоўныя падарункі. А прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла” будзе сям’я Ананічаў. Пажадаем ім удачы і перамогі!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *