
Перыядычна карэспандэнты раённай газеты друкуюць матэрыялы пра людзей сталага ўзросту, юбіляраў, доўгажыхароў. Іх віншуюць прадстаўнікі мясцовых улад, родныя і знаёмыя. Зусім нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала Ірына Іосіфаўна Лаўрыновіч. Яна выказала просьбу наведацца ў вёску Антанова Радзюкоўскага сельсавета да Браніслава Браніслававіча Лаўрыновіча, пагутарыць з гэтым паважаным чалавекам з нагоды яго 80-гадовага юбілею.
— Жыццё я пражыў досыць складанае, — распачаў гутарку Браніслаў Браніслававіч. — Але ніколі і нікому не скардзіўся на свой лёс. Бо не я адзін пражыў гаротнае дзяцінства, пасляваенную галечу. Усё наша пакаленне было ў аднолькавых умовах. Нарадзіўся ў вёсцы Слабада, непадалёк ад Антанова. Тата рана памёр, у 1942 годзе. Маці наша з трыма малымі дзецьмі засталася адна. Выбівалася, як магла, каб хутчэй паставіць на ногі. Пра школу думаць не выходзіла, правучыўся толькі тры класы і адразу пайшоў зарабляць на кавалак хлеба. Затым была тэрміновая вайсковая служба ў Германіі. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў родную вёску, стаў працаваць спачатку конюхам, затым слесарам на ферме. Сваю другую палову, жонку Таццяну Іванаўну, прывёз на сваю маленькую радзіму з вёскі Краснае, што паблізу Більдзюг. Згулялі вяселле, абвянчаліся ў Мосарскім касцёле, з цягам часу пабудавалі ўласны дом, у якім пражываем і зараз.
Вось так яны і крочаць дружна разам па жыцці больш за пяцьдзесят гадоў. Нарадзілі і выхавалі двух сыноў Рамана і Браніслава і дачку Ірыну. На жаль, старэйшага сына Рамана няма ў жывых. Ірына жыве ў Латвіі, працуе медыцынскай сястрой. Браніслаў жа разам з сям’ёй наведаўся ў той дзень да бацькоў. Пражывае ён у гарпасёлку. Следам у падворку Лаўрыновічаў-старэйшых спыніўся аўтамабіль унука Андрэя, які завітаў з жонкай Вольгай і дачушкай Марыяй.
— Вось амаль усё наша сямейства і ў зборы, — ганарлівым голасам вымавіў юбіляр.
І сапраўды, ганарыцца ёсць кім: удзячныя дзеці, шчаслівыя ўнукі і праўнукі — сямейны скарб сям’і Лаўрыновічаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.