
Вось асноўныя складнікі паспяховай працы калектыву аўтазаправачнай станцыі № 25 г. п. Шаркаўшчына РУП “Беларусьнафта-Віцебскаблнафтапрадукт”. У гэтым мы пераканаліся, калі завіталі на АЗС напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. На змене працаваў старшы аператар Віктар Віктаравіч Сікора. Не пакідаючы рабочага месца, бо чарга вадзіцеляў каля касы не дазваляла прыпыніць працэс, ён расказаў нам пра спецыфіку работы аўтазаправачнай станцыі:
— Асноўная наша дзейнасць заключаецца ў прыёме і рэалізацыі нафтапрадуктаў прадпрыемствам, арганізацыям і прыватным аўтаўладальнікам за наяўны і безнаяўны разлік, — тлумачыць Віктар Віктаравіч. — Акрамя гэтага, у асартыменце маторнае масла для розных тыпаў рухавікоў, аўтапакрышкі айчыннай вытворчасці. Маем у рэалізацыі прахаладжальныя напіткі. У штаце АЗС № 25 шэсць супрацоўнікаў. Гэта аператары Андрэй Вітальевіч Лялека, Андрэй Уладзіміравіч Седзюкевіч, Дзмітрый Пятровіч Фёдараў, Аляксандр Георгіевіч Сяляўка і майстар шынамантажу Іван Пятровіч Касевіч, які таксама сочыць за чысцінёй і парадкам на прылеглай тэрыторыі. Для зручнасці кліентаў завоз паліва бензавозамі ажыццяўляецца ў асноўным ноччу. Што да аб’ёмаў рэалізацыі паліва, то на аднаго аператара выпадае каля шасцідзесяці тон у месяц. А за працоўную змену абслугоўваем да пяцісот аўтаўладальнікаў. Зусім нядаўна атрымалі падзяку ад ААТ “Белаграпрамбанк” за актыўнае правядзенне безнаяўных разлікаў. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю сваім калегам моцнага здароўя, вытрымкі і далейшых поспехаў у працы!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
