Сярод аб’ектаў, дзе праводзіліся рамонт і добраўпарадкаванне, сквер на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Ціміразева ў гарадскім пасёлку.
Дванаццаць год назад па ініцыятыве прадстаўнікоў раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і пры падтрымцы мясцовай улады быў усталяваны помнік воінам-афганцам, выкапаны штучны вадаём, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. З цягам часу на знакавым для шаркаўчан месцы ўстанавілі баявую машыну дэсанту (БМД). Праз некалькі год побач з помнікам «Чорны цюльпан» размясцілі яшчэ дадатковую адзінку ваеннай тэхнікі — баявую машыну пяхоты (БМП). Кожны год 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў тут праходзіць урачысты мітынг з ускладаннем кветак да помніка.
Спецыялісты таварыства з абмежаванай адказнасцю «РекордСтрой» з горада Наваполацка правялі ў скверы рамонт: замянілі тратуарную плітку на сцежках, пашырылі пляцоўку каля помніка і тэхнікі для больш зручнага правядзення масавых мерапрыемстваў.
— Воіны-інтэрнацыяналісты, якія пражываюць у нашым раёне, таксама прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні скверу, наданні належнага выгляду ўсталяванай тут ваенный тэхніцы, — расказаў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Протас. — Два гады назад па ініцыятыве і самай непасрэднай дапамозе з боку кіраўніка ўнітарнага прадпрыемства па здабычы торфу, вытворчасці і рэалізацыі высакародных субстратаў «БрызантРэсурсы» Андрэя Лебедзева быў набыты бронетранспарцёр (БТР-60) для дапаўнення экспазіцыі ваеннай тэхнікі ў скверы. Дзякуючы яму, работнікам прадпрыемства Юрыю Губскаму, Дзянісу Седзюкевічу, Міхаілу Казераву, Аляксандру Валадзько, а таксама шаркаўшчынскім воінам-інтэрнацыяналістам мы разам прыдалі былой ваеннай тэхніцы прыглядны выгляд: памылі яе, пафарбавалі, правялі зварачныя работы на некаторых элементах механічных канструкцый, нанеслі лічбавую інфармацыю і эмблемы радоў войск, да якіх належаць машыны. Ад імя грамадскай арганізацыі, якую я ўзначальваю, выказваю словы шчырай удзячнасці за праведзеную работу ўсім, хто меў да гэтага самае непасрэднае дачыненне. Ведаю, што гэта не проста добраўпарадкаванне тэрыторыі, разам мы правялі вельмі важную і патрэбную работу, накіраваную на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.
І сапраўды, сквер, размешчаны каля цэнтральнай аўтадарогі, якая вядзе ў накірунку з Мінска на Браслаў, выглядае цяпер велічна і ўзнёсла. Па словах Васілія Протаса, тэрыторыя тут значных памераў і дазваляе размясціць яшчэ некалькі адзінак ваеннай тэхнікі. Андрэй Лебедзеў гатовы пасадзейнічаць яе набыццю. Маштабнасць і велічнасць сквера памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яшчэ больш узрасце.
— У вырашэнні гэтага пытання патрэбна цеснае ўзаемадзеянне і падтрымка мясцовай улады, — упэўнены шаркаўшчынскія воіны-інтэрнацыяналісты.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

