У нашым раёне рэалізацыяй паліва (дроў і торфабрыкету) займаецца Шаркаўшчынскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Віцебскаблпал». Калектыў арганізацыі, якую ўзначальвае Міхаіл Фамянок, паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі. Гэта адзначыў генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпал» Эдуард Дзям’янаў падчас выязной калегіі, якая прайшла ў нашым раёне з удзелам кіраўнікоў філіялаў вобласці і начальнікаў участкаў.
Фінансава-вытворчая дзейнасць Шаркаўшчынскага прадпрыемства атрымала высокую ацэнку. Станоўча таксама была адзначана і арганізаваная на пастаяннай аснове работа па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і адміністрацыйнага будынку.
— Самая гарачая пара для нашага калектыву — гэта восень і зіма, — расказаў дырэктар філіяла Міхаіл Фамянок. — У гэты перыяд рэзка ўзрастае колькасць жадаючых набыць дровы ці торфабрыкет. Каб пазбегнуць ажыятажу і доўгіх чэргаў, жыхарам нашага гарадскога пасёлка і раёна варта загадзя падрыхтавацца да зімы. Зрабіць гэта без праблем можна і цяпер, у лістападзе. На дадзены момант нам трэба забяспечыць 79 домаўладанняў торфабрыкетам і 81 — дровамі. Чарга, пакуль што, невялікая, таму не варта чакаць наступлення маразоў, лепш звярнуцца да нас раней.
І хоць цяпер усе імкнуцца перайсці ў сваіх дамах на электрычнае або газавае ацяпленне, сёлетні год яшчэ раз пацвярджае: паслугі нашага прадпрыемства ў жыхароў раёна запатрабаваныя. План па забеспячэнні насельніцтва тонамі ўмоўнага паліва (дровамі і торфабрыкетам) у параўнанні з узроўнем мінулага года за 9 месяцаў выкананы на 105 працэнтаў (што на два працэнты вышэй сярэднеабласнога паказчыка). Гэта сведчыць аб тым, што наш невялікі калектыў, у складзе якога налічваецца 15 чалавек, працуе добрасумленна. Кожны работнік на сваім участку адказна падыходзіць да выканання службовых абавязкаў. Упэўнены, што з калектывам нашага філіяла можна выконваць любыя задачы.
За 10 месяцаў бягучага года рэалізавана 3000 тон торфабрыкету і 8300 кубаметраў дроў. Пры гэтым жыхары, пражываючыя на тэрыторыі Германавіцкага і Лужкаўскага сельскіх Саветаў, якія мелі патрэбу ў цвёрдых відах паліва, змаглі атрымаць іх яшчэ ў кастрычніку.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота Алены АНАНІЧ.


