Нашы футбалісты ўвайшлі ў тройку мацнейшых па выніках абласных спаборніцтваў

Спорт

Футбольныя традыцыі былі заўсёды на высокім узроўні ў Шаркаўшчынскім раёне. Прыхільнікі гэтай гульні заўсёды дэманструюць нядрэнныя вынікі, выступаючы на спаборніцтвах рэгіянальнага і абласнога ўзроўняў. Вось і нядаўна нашы футбалісты вытрымалі даволі сур’ёзны іспыт — выступалі на абласных спаборніцтвах “Каласок” і “Залаты колас”. Абедзьве каманды паказалі выдатны рэзультат — увайшлі ў тройку мацнейшых. Пра гэта больш падрабязна расказвае старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Юлія Каплуноўская.

—    Сёлета абласныя спаборніцтвы па футболе для дзяцей і юнакоў з аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў пачаліся 11 жніўня. У гэты дзень праходзіў занальны этап у Міёрах, які сабраў 5 каманд — з Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Докшыцкага і Міёрскага раёнаў. У фінал выйшлі каманды Докшыцкага, Браслаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Нашы футбалісты выйгралі ў докшыцкіх юнакоў з лікам 4:0 і разграмілі браслаўчан 8:2. У выніку шаркаўчане занялі 1-е месца.

На абласны фінал, які праходзіў 18 жніўня, з нашага рэгіёну адправілася каманда Шаркаўшчынскага раёна. У аграгарадку Ноўка (Віцебскі раён) выступленне пачалося гульнёй з камандай з Ушацкага раёна. У канцы другога тайма сапернікі змаглі забіць адзін мяч у вароты шаркаўчан. Лік 1:0 і першы пройгрыш. Другая гульня з гаспадарамі поля. На працягу першага перыяду абедзьве каманды гулялі на роўных. Падчас другога перыяду суддзі дапамаглі гаспадарам вырваць перамогу ў гасцей з лікам 4:2. У выніку наша каманда заняла 3-я месца. Назавём імёны спартсменаў, якія прадэманстравалі сваё майстэрства — Васілій Кашэль (капітан), Дзмітрый Грыдзюшка, Улад Жынь, Мікіта Калесніковіч, Канстанцін Шуневіч, Вадзім Адзінец, Мікіта Жук, Філіп Гаўрута, Аляксандр Стрыжонак, Аляксей Крыўко, Віталій Альшанікаў, Максім Пучаг, Раман Краснадубскі і Аляксей Хрол.

24 жніўня ў Міёрах зноў сабраліся аматары скуранога мяча на занальныя спаборніцтвы сярод сельскіх каманд “Залаты колас”. Наша каманда ўпэўнена ішла да перамогі — выйграла ў глыбачан з лікам 2:1, разграміла зборную Расонскага раёна 8:1, перамагла гаспадароў 2:1. У выніку — шаркаўчане занялі 1-е месца. 31 жніўня адбыліся фінальныя гульні ў аграгарадку Ноўка. Нашай камандзе адразу выпала сустрэцца з гаспадарамі. Шанцаў на перамогу было мала, бо многія прадстаўнікі зборнай Віцебскага раёна прафесійна займаюцца футболам і маюць багаты вопыт выступлення на спаборніцтвах абласнога ўзроўню. Шаркаўчане аказалі моцнае супраціўленне, але крыху саступілі — прайгралі з лікам 3:2. У нашай камандзе вызначыўся Арцём Ганчарэнка, які двойчы адправіў мяч у вароты сапернікаў. Дарэчы, у другім тайме на дапамогу маладым гульцам выйшаў трэнер Мікалай Аляксандравіч Ляўшыцкі, які, нягледзячы на 55-гадовы ўзрост, знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. У гульні за трэцяе месца шаркаўчане перамаглі каманду з Аршанскага раёна. Трэба адзначыць, што ўвайсці ў тройку лідараў на абласных спаборніцтвах — гэта выдатны вынік для нашых футбалістаў. Нагадаем, што за званне наймацнейшых змагаліся 21 каманда. Гонар Шаркаўшчынскага раёна акрамя раней узгаданых адстойвалі: Сяргей Зянько (капітан), Дзмітрый Грыдзюшка, Аляксандр Завядзееў, Андрэй Пярхальскі, Ніл Маркевіч, Аляксей Катушонак, Яўген Катушонак, Алег Адзінец, Васілій Хрол, Сяргей Гушча, Арцём Болдыш, Ігар Мядзелец і Віктар Карпіцкі.

На заканчэнні гутаркі Юлія Каплуноўская выказала ўдзячнасць Мікалаю Аляксандравічу Ляўшыцкаму і Яўгенію Валер’евічу Чысцякову за падрыхтоўку выдатных футбалістаў, якія ўжо выйшлі на абласны ўзровень і годна прадстаўляюць аграгарадок Лужкі і Шаркаўшчынскі раён.

Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *