Арганізацыя, якую ў народзе называюць коратка «гарпаліва», была створана 1 снежня 1973 года. Ужо паўстагоддзя яна бесперабойна і якасна забяспечвае насельніцтва ўсяго раёна дровамі і торфабрыкетам. За гэты перыяд прадпрыемства перажыло шэраг структурных змяненняў.
На сённяшні дзень калектыў Шаркаўшчынскага філіяла Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва», які ўзначальвае Міхаіл Фамянок, паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі. Гэта адзначыў генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпал» Эдуард Дзям’янаў падчас выязной калегіі, што нядаўна прайшла ў нашым раёне з удзелам кіраўнікоў філіялаў вобласці і начальнікаў участкаў. Фінансава-вытворчая дзейнасць Шаркаўшчынскага прадпрыемства атрымала высокую ацэнку. Станоўча таксама была адзначана і арганізаваная на пастаяннай аснове работа па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і адміністрацыйнага будынку. А па выніках работы за мінулы год Шаркаўшчынскі філіял па забеспячэнні палівам быў занесены на раённую Дошку гонару.
За дасягненнем рэзультатаў стаіць штодзённая зладжаная работа невялікага, але дружнага калектыву, які налічвае 15 чалавек. Тут заўсёды рады аказаць дапамогу кліентам, ісці насустрач іх запатрабаванням. І, безумоўна, у гэтыя юбілейныя для арганізацыі дні варта ўспомніць тых, хто стаяў у вытокаў, пачынаў, развіваў, удасканальваў і ўмацоўваў. Першым дырэктарам Шаркаўшчынскага райпаліўзбыту быў Георгій Асіпенка, затым яго змяніў Валерый Грыневіч. А 13 снежня споўняецца роўна 25 год, як калектыў Шаркаўшчынскага філіяла па забеспячэнні палівам узначальвае Міхаіл Фамянок. Тры кіраўнікі за 50 год — гэта, згадзіцеся, добрае пастаянства. Дарэчы, цякучасці кадраў у арганізацыі няма і ў цяперашні час.
— Многія работнікі ў нашу арганізацыю прыходзяць і застаюцца на доўгія гады, — расказаў кіраўнік філіяла Міхаіл Фамянок. — 30 год у калектыве працуе адзін з лепшых нашых вадзіцеляў Павел Рэдзіка. Яшчэ большы стаж работы у вахцёра Віктара Буйкі. У нас ёсць людзі, якія адпрацавалі ў арганізацыі ўсё жыццё. Асаблівай павагі заслугоўвае работа прадстаўнікоў рабочых прафесій, якія займаюцца нялёгкай фізічнай працай. У іх ліку раскрыжоўшчык Аляксандр Цэван, мужчына працуе ў арганізацыі 11 год. Прафесійна і якасна спраўляюца са сваімі абавязкамі вядучы бухгалтар Ала Ластаўка і вяучы эканаміст Таццяна Чупрова. А, увогуле, шчырых слоў удзячнасці за сваю працу заслугоўвае ўвесь калектыў.
Карыстаючыся выпадкам, жадаю ўсім нашым работнікам і асабліва ветэранам, якія адпрацавалі ў арганізацыі шмат год, здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, цяпла і ўтульнасці ў дамах. І каб работа прыносіла задавальненне. Зразумела, што фізічная праца — яна нялёгкая. Але калі калектыў дружны і зладжаны, то і жаданне на работу прыходзіць з’явіцца. А ўмовы працы мы пастараемся забяспечыць максімальна камфортныя, наколькі гэта магчыма.
З успамінаў:
Васілій Сядлоўскі адразу пасля службы ў арміі прыйшоў працаваць вадзіцелем у нядаўна створаную арганізацыю Шаркаўшчынскі райпаліўзбыт. Было гэта ў 1975 годзе.
— Усё жыццё, а дакладней 36 год, я адпрацаваў у райпаліўзбыце, — расказаў мужчына. — На аўтамабілі ГАЗ-53 кожны дзень ездзілі на завод у Круляўшчызну за торфабрыкетам. Рабілі па тры рэйсы ў дзень, праязджалі каля 400—450 кіламетраў. Забяспечвалі насельніцтва і арганізацыі раёна палівам.
Калі пачынаў працаваць, у арганізацыі было толькі 3 старэнькіх аўтамабілі. Потым з’явіўся яшчэ адзін і два трактары.
Паслугі гарпаліва заўсёды былі запатрабаванымі. Даводзілася працаваць шмат. Але вадіцельская справа мне падабалася. І калектыў быў у нас цудоўны. Усе сумленна працавалі, не шкадуючы ўласных сіл і часу.
Па вуліцы Чырванадворскай, 22а Шаркаўшчынскі філіял па забеспячэнні палівам размяшчаецца з 1983 года. Менавіта ў той час быў пабудаваны новы адміністрацыйны корпус райпаліўзбыту.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.



