Арсеній Іванавіч Пяткевіч дапамагае раскрываць юныя таленты ў дзіцячай мастацкай школе

Актуальное

А. І. Пяткевіч падчас заняткаў са сваімі вучнямі

Калі мастак бярэцца за пэндзаль, то аддаляецца ад усяго, што яго акружае, ён жыве ў тым свеце, які сам стварае на палатне. На чыстым аркушы паперы можна адлюстраваць усё, што заўгодна: людзей, настрой, думкі, эмоцыі. Маляваць можа шмат хто, але ствараць карціны, укладаючы ў іх душу, — для гэтага патрэбны талент. Арсеній Іванавіч Пяткевіч — выкладчык дзіцячай мастацкай школы г. п. Шаркаўшчына дапамагае раскрываць юныя таленты і накіроўвае іх у патрэбнае рэчышча.

Ужо на працягу 20 гадоў Арсеній Іванавіч з’яўляецца настаўнікам юных мастакоў. Прывіў яму любоў да малявання Рыгор Раманавіч Арабезаў — першы дырэктар Велікасельскай школы, у якой вучыўся наш герой. Усе яго жыццёвыя шляхі заўсёды вялі ў Шаркаўшчыну. Пасля службы ў арміі ён паступіў у мастацкае вучылішча горада Яраслаўль. Закончыўшы яго, вярнуўся ў родны край. Пазней вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску, пасля вучобы вярнуўся ў Шаркаўшчынскі раён, дзе і склалася яго далейшае шчаслівае жыццё. Цяпер у яго ёсць жонка, сын, любімая праца – усё, што неабходна для поўнага шчасця.

Арсеній Іванавіч спрабуе зацікавіць сваіх вучняў гэтым відам мастацтва. Кожны год да яго актыўна запісваюцца дзеці рознага ўзросту, пачынаючы аж з навучэнцаў трэцяга класа, якія імкнуцца раскрыць свой ​​талент або якім проста падабаецца маляваць. Ужо каля 8 гадоў у Арсенія Іванавіча ніхто не адлічваўся з вучобы. Дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі, радуюць сваімі талентамі, імкненнем, упартасцю і мэтанакіраванасцю. У юных мастакоў ёсць магчымасць прадэманстраваць свой ​​талент ўсёй краіне: яны з радасцю ўдзельнічаюць у розных рэспубліканскі і абласных конкурсах, адпраўляюць свае працы ў Мінск і іншыя гарады.

Паступіць у мастацкую школу не заўсёды лёгка. Як правіла, набіраюць 10 чалавек, але часта жадаючых больш, таму “абітурыенты” здаюць уступны іспыт — малюнак на любую тэму. Калі ж маленькі мастак прыняты, то вывучаць сакрэты выяўленчага мастацтва яму прыйдзецца на працягу пяці гадоў.

Вучацца яны па вызначанай праграме, але раз у тыдзень ёсць магчымасць маляваць тое, што хочацца ім самім. Больш за ўсё дзецям падабаецца працаваць на прыродзе. Чыстае паветра, прыгожы пейзаж, празрыстая рэчка — ўсё, што трэба для натхнення мастаку.

Клас, у якім займаюцца дзеці, значна змяніўся. Раней старыя падлогі і сцены зусім не натхнялі на творчасць юных мастакоў, а з-за старых вокнаў ім часам даводзілася маляваць у пальчатках. Нядаўна скончыўся капітальны рамонт і створаны ўсе неабходныя ўмовы для вучобы.

Штогод мастацкая школа выпускае будучых дызайнераў, архітэктараў, мастакоў. Большасць выпускнікоў па заканчэнні школы выбіраюць менавіта гэтыя прафесіі. Так, напрыклад, Анна Шпак — студэнтка мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава зусім не шкадуе, што вырашыла стаць дызайнерам. І з упэўненасцю кажа, што тыя доўгія гады, калі яна вучылася ў мастацкай школе, прайшлі не дарма. Яўген Жук паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на архітэктара. Ён таксама ажыццявіў сваю мару, за што вельмі ўдзячны свайму педагогу Арсенію Іванавічу.

Адна справа мець талент, зусім іншая — адкрыць і развіць яго ў сабе. Важна знайсці тое, што падабаецца і атрымліваецца лепш за ўсё, і выкарыстоўваць увесь свой патэнцыял. Вельмі добра, што ёсць такія людзі як Арсеній Іванавіч Пяткевіч, якія дапамагаюць знайсці зерне таленту і вырасціць яго.

Анастасія АРСОБА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *