
Раней жанчына за рулём была рэдкай з’явай, але цяпер ствараецца ўражанне, што аўталедзі з кожным днём усё больш выцясняюць вадзіцелей-мужчын. Моцная палова чалавецтва, у сваю чаргу, да факта кіравання жанчынамі аўтамабілем ставяцца неадназначна: адны катэгарычна супраць прадстаўніц прыгожага полу на дарогах, і толькі невялікая частка мужчын прызнае за жанчынамі права вадзіць машыну.
Што да саміх жанчын, то для іх аўтамабіль стаў памочнікам, які не толькі дапамагае быць больш мабільнай і незалежнай, але і служыць для самарэалізацыі і павышэння самаацэнкі. Таму ў аўташколах ўсё больш і больш жанчын, да чаго суровыя інструктары прывыклі і спакойна навучаюць прадстаўніц жаночага полу самых розных узростаў правілам дарожнага руху і вадзіцельскаму майстэрству.
Вельмі перашкаджае правільнаму ўспрыманню жанчын за рулём стэрыятып, што яны водзяць машыну горш за мужчын. Але калі звярнуцца да статыстыкі і іншых даследаванняў, то можна пераканацца ў адваротным. Жанчыны кіруюць аўтамабілем менш агрэсіўна і больш уважліва, больш акуратна прытрымліваюцца правіл дарожнага руху і практычна ніколі не садзяцца за руль у нецвярозым стане.
Ніхто не спрачаецца з тым, што прадстаўніцам прыгожага полу складаней, чым мужчынам, навучыцца добра кіраваць аўтамабілем, але калі яны становяцца вопытнымі кіроўцамі, то адчуваюць сябе за рулём цалкам упэўнена і спакойна. Ды і статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам жанчын кажа сама за сябе.
— Маю 12-гадовы вадзіцельскі стаж, — кажа вадзіцель прыгожага “Мерседэса” Марына Булаўская. — За гэты час я навучылася хутка прыймаць рашэнні, таму што на дарозе часам ад гэтага залежыць многае. Яшчэ я стала больш уважлівай і дысцыплінаванай, каб на асабістым пракладзе даказваць, што жанчына мае права кіраваць аўтамабілем. Са свайго вопыту скажу, што адносіны мужчын да жанчын на дарозе не заўсёды лаяльныя і галантныя, яны рэдка саступаюць у спрэчных момантах.
Існуе вялікае мноства анекдотаў пра жанчыну за рулём, кшталту “Што зробіць жанчына на аўтамабілі ў момант небяспекі? — Схаваецца ці зажмурыцца” або “Часта жанчына едзе па прынцыпе: «Там, дзе я еду, — заўсёды галоўная дарога». Хочацца, каб з цягам часу іх станавілася ўсё менш. Нашы аўталедзі з ўласцівай ім упартасцю будуць намагацца ламаць складзеныя стэрыятыпы і даказваць, што яны маюць права кіраваць аўтамабілем нароўне з мужчынамі.
Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.
