29 верасня прайшло свята аграгарадка Наваселле

Актуальное

Развітая інфраструктура, заасфальтаваныя вуліцы, добраўпарадкаваныя дамы і падворкі жыхароў. Шчырая праца жыхароў Наваселля заўсёды вылучала іх ад астатніх, служыла прыкладам маладому пакаленню сяльчан і жыхароў іншых населеных пунктаў. Гэта ж падкрэсліў у сваёй прамове да сабраўшыхся на свята і старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч. Апошнімі гадамі, асабліва дзякуючы дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла, значна памаладзела вёска — пабудавана шмат сучаснага жылля, вырас новы маладзёжны пасёлак. Адным словам, аграгарадок Наваселле цалкам адпавядае сваёй назве. Падзякамі старшыні райвыканкама Мікалай Ірынархавіч за шматгадовую добрасумленную працу адзначыў некаторых мясцовых жыхароў, уручыў ім каштоўныя падарункі.
Цікавым з’яўляецца той гістарычны факт, што да 1959 года вёска насіла назву Бяда. Напэўна, з-за таго, што дадзеная мясцовасць у тыя далёкія часы мела не дужа прыгодныя для земляробства, вядзення гаспадаркі і пражывання землі. Але ж гэта засталося ў мінулым.
У сярэдзіне 1980-х гадоў калгас імя Гагарына (так у той час называлася цяперашняе аддзяленне Наваселле ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”) узначальваў Нікадзім Якаўлевіч Протас. Былы старшыня падзяліўся ўспамінамі, прыгадаў тыя часы, калі гаспадарка была па шматлікіх паказчыках адной з перадавых у раёне. Нікадзім Якаўлевіч прывёў той факт, што ў 1976 годзе ўраджайнасць збожжавых культур склала больш за 40 цэнтнераў з гектара. І ўсё гэта дасягалася працай калгаснікаў, працай тутэйшых жыхароў.
У зале падчас святочнага мерапрыемства знаходзілася шмат заслужаных работнікаў, ветэранаў працы былога калгаса імя Гагарына і цяперашніх перадавікоў ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Леанідавіч Варона ўзнагародзіў многіх з іх падарункамі і шчырымі словамі за самаадданую працу на карысць роднай гаспадаркі. Выконваючыя абавязкі дырэктара Шаркаўшчынскага КБА і старшыні райспажыўтаварыства Рыма Канстанцінаўна Іванова і Наталля Аляксееўна Пятрова ўручылі ўзнагароды былым сваім спецыялістам, якія працавалі ў падначаленых ім установах аграгарадка Наваселле.
Вядучыя святочнага мерапрыемства, а ў ролі іх выступілі Вікторыя Сяткоўская і Эдвард Вялічка, не абыйшлі сваёй увагай самага старэйшага жыхара вёскі Валянціну Канстанцінаўну Кукштэль, якой споўнілася 90 гадоў, і самага маленькага — Максіма Мышко, які з’явіўся на свет гэтым летам.
У той святочны дзень цёплымі словамі і памятнымі падарункамі былі адзначаны самая “багатая” сям’я аграгарадка — сям’я Марозавых, у якой выхоўваюцца пяцёра непаўналетніх дзяцей, а таксама пары, якія крочаць па жыцці многа год. Выконваючая абавязкі старшыні Валожынскага сельскага Савета Жанна Уладзіміраўна Палягошка, падвёўшы вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні, узнагародзіла сем’і лепшых гаспадароў сядзіб Наваселля, уручыўшы ім шыльдачкі “Дом узорнага парадку і быту”. Ніхто з прысутных не застаўся па-за ўвагай арганізатараў святочнага мерапрыемства: кагосьці ўзнагароджвалі граматамі, падарункамі, цёплымі шчырымі словамі, а наогул, кожнаму з прысутных свае вясёлыя, бадзёрыя песні, танцы і сцэнічныя пастаноўкі адрасавалі самадзейныя артысты мясцовага Дома культуры і іх калегі з іншых клубных устаноў раёна. На ўваходзе і ў фае памяшкання смачнымі ласункамі з песнямі пад баян частавалі прысутных удзельніцы народнага клуба нацыяльнай кухні “Груца” і мясцовыя гаспадыні-кулінаркі. Раённае спажывецкае таварыства, разгарнуўшы свае гандлёвыя рады, ветліва запрашала кожнага набыць ці гарачы шашлык, ці салодкі поп-корн, ці любы іншы прысмак.
І хоць невялікая па памерах глядзельная зала мясцовага Дома культуры не змагла размясціць усіх жадаючых гледачоў свята аграгарадка, але, тым не менш, ва ўтульнай абстаноўцы панаваў узнёслы настрой, гучалі музыка і песні, звонкія апладысменты жыхароў Наваселля.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *