Адбыўся справаздачна-выбарчы сход пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі раённай ветэрынарнай станцыі. З асноўным дакладам выступіла старшыня пярвічкі, загадчык дыягнастычнай лабараторыі Лідзія Брэская.
— На ўліку ў прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі нашай установы знаходзяцца 49 чалавек, гэта 100 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых. За справаздачны перыяд са студзеня 2019 года па снежань 2023 года адбылося 6 сходаў, 84 пасяджэнні прафсаюзнага камітэта. Асноўныя пытанні, якія разглядаліся, тычыліся вынікаў выканання калектыўнага дагавора, умацавання працоўнай і вытворчай дысцыпліны, аналізу вытворчага траўматызму, аховы працы, выдзяленні матэрыяльнай дапамогі і іншыя, — паведаміла Лідзія Брэская. — Прафсаюзны камітэт надае вялікую ўвагу кантрактнай форме найма працаўнікоў, вядзе работу па прадаўжэнні працоўных адносін з добрасумленнымі членамі калектыву больш чым на адзін год. За справаздачны перыяд у прафкам паступіла 20 пісьмовых зваротаў, якія былі цалкам задаволены. У асноўным яны тычыліся выдзялення матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне і падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года.
Члены прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі — актыўныя ўдзельнікі раённых культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Штогод выдзяляюцца фінансавыя сродкі для набыцця білетаў на Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У мінулым годзе мы ажыццявілі экскурсійныя паездкі ў гарады Мінск, Полацк, Браслаў. Летась таксама прынялі актыўны ўдзел у правядзенні фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».
Адным з накірункаў работы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі з’яўляецца шэфская дапамога былым супрацоўнікам райветстанцыі. Мы наведваем іх на даму, дапамагаем вырашаць бытавыя праблемы, калі такія ўзнікаюць. Віншуем сваіх былых калег з юбілейнымі днямі нараджэння. Да Дня пажылых людзей выплочваем фінансавую дапамогу ў памеры адной базавай велічыні. Трэба адзначыць, што дзейнасць нашай прафсаюзнай пярвічкі — гэта паўсядзённы клопат аб работніках, у стварэнні для іх камфортных і бяспечных умоў працы і адпачынку.
Падчас галасавання на наступны тэрмін лідарам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі раённай ветэрынарнай станцыі аднагалосна была выбрана Лідзія Брэская. Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат і галоўны спецыяліст арганізацыйнай работы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Груганава павіншавалі Лідзію Брэскую з перавыбраннем на пасаду старшыні прафкама райветстанцыі, пажадалі ёй здзяйснення намечаных планаў у нялёгкай грамадскай рабоце, якая, нягледзячы на шматлікія парашкоды, кансалідуе працоўны калектыў і з’яўляецца лакаматывам у дасягненні пастаўленых мэтаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

