У раённым Цэнтры рамёстваў прадстаўлена выстава работ мастакоў Беларусі, прысвечаных нашаму земляку Пятру Касцюкевічу

Общество

У выставачнай зале Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра рамёстваў адбылася прэзентацыя творчых работ мастакоў Беларусі, якія былі прысвечаны нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Шыці Пятру Касцюкевічу — партызану, паэту, мастаку.

У час Вялікай Айчыннай вайны Пётр Касцюкевіч быў  разведчыкам штаба партызанскай брыгады «Спартак». Удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях. Заўсёды ў яго палявой сумцы ляжалі два блакноты: адзін з вершамі, другі з малюнкамі, таму што ў перыяд адпачынку Пётр пісаў вершы і маляваў алоўкам. Аўтар заўсёды насіў пры сабе блакнот. Выдатная памяць і талент дапамагалі яму адлюстроўваць любыя дэталі. Сёння блакнот Пятра Касцюкевіча з намаляванымі ім партрэтамі партызан захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Падчас адкрыцця выставы ў Шаркаўшчыне, на якую былі запрошаны вучні старэйшых класаў Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1, намеснік дырэктара раённага Цэнтра рамёстваў па народнай творчасці Вікторыя Дубоўская расказала пра жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка  Пятра Касцюкевіча. Перад прысутнымі выступілі шаркаўшчынскія мастакі Віктар Крук, Аляксандр Шыёнак і Марына Ліпская, работы якіх таксама былі прадстаўлены на выставе «Тут радзімы яго пачатак». Шмат цікавых фактаў пра жыццё і творчы шлях Пятра Касцюкевіча дзецям расказаў былы дырэктар Велікасельскай базавай школы Юрый Матуль, які разам са сваімі вучнямі з дапамогай мясцовай краязнаўцы Ады Райчонак арганізаваў і правёў некалькі выстаў творчых работ Пятра Касцюкевіча. Яны адбыліся не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і ў Віцебску.

Падчас прэзентацыі творчых работ мастакоў Беларусі дзеці шмат даведаліся пра асобу нашага славутага земляка Пятра Касцюкевіча, які яшчэ будучы падлеткам уступіў у рады партызан, затым быў прызваны ў армію. А ўжо пасля заканчэння вайны працаваў мастаком у Петразаводску. Маляваў карціны і пісаў вершы. Прысвяціў творчасці ўсё сваё жыццё. Наведаць выставу творчых работ мастакоў Беларусі ў Шаркаўшчынскім цэнтры рамёстваў усе жадаючыя могуць да сярэдзіны лютага.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.