Абаяльная і прыгожая загадчыца клуба ў вёсцы Зорка — Ірына Хаданёнак

Актуальное

Існуе меркаванне, што прафесія работніка культуры, а ў дадзеным выпадку спецыяліста клубнай установы, асацыіруецца з чалавекам маладога ўзросту, які ўсебакова ведае тэндэнцыі развіцця сферы культуры на сённяшнім этапе, цалкам разумее схільнасці і патрабаванні сучаснага пакалення. Згадзіцеся, вельмі прыемна наведаць установу культуры, калі табе не проста прапануюць з карысцю правесці свой вольны час на занятках гурткоў і секцый, прыняць удзел у мерапрыемстве, а ў першую чаргу, ветлівай усмешкай сустрэнуць на ўваходзе.

У гэтым мы пераканаліся, калі наведалі сельскі клуб у вёсцы Зорка. Яго загадчыца, абаяльная і прыгожая жанчына Ірына Хаданёнак, гасцінна запрасіла нас у сваю ўстанову. Праца спецыяліста сельскага клуба, што і казаць, не такая і лёгкая. Для тых, хто хоча сапраўды заваяваць павагу і аўтарытэт сярод насельніцтва, патрэбна не проста раз на тыдзень “пракруціць” дыскатэку, а прадаставіць кожнаму мясцоваму жыхару спектр паслуг, які зможа зацікавіць людзей на далейшае наведванне ўстановы.

— Як гэта атрымліваецца ў вас? — спыталі мы загадчыцу клуба. — Чым заахвочваеце насельніцтва?

—    Нічога звышасаблівага, — адказвае Ірына. — Працую ў звычайным рэчышчы, як таго патрабуе час. У нас створаны і дзейнічаюць чатыры гурткі мастацкай самадзейнасці: драматычныя — дзіцячы і дарослы і сольных спеваў, таксама дзіцячы і дарослы. Дзеці — вучні мясцовай сярэдняй школы, а дарослыя — работнікі сельгаспрадпрыемства “Ельня-Агра”. Разам мы рыхтуем канцэртныя і гульнёвыя праграмы, праводзім абрады і святы вёсак, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Ведаеце, нават нягледзячы на тое, што ўмовы для працы ў клубе пакідаюць жадаць лепшага, жыхары з вялікай ахвотай прыходзяць на нашы святочныя канцэрты, а некаторыя і самі выступаюць у ролі артыстаў. Гэта можна сказаць пра бухгалтараў сельгаспрадпрыемства Зою Мікалаеўну Пажарскую і Валянціну Казіміраўну Дзегцяронак, хатнюю гаспадыню Кацярыну Міхайлаўну Талапіла і тэхнічнага работніка клуба Алёну Ігараўну Осіпаву.

Не вельмі прыемна працаваць чалавеку, калі побач няма аднадумцаў, якія разумеюць і падтрымліваюць цябе, тым больш, што справа культработніка і заключаецца ў дарэнні хвілін радасці і добрага настрою людзям. Нам жа ў гэтым плане пашанцавала з адміністрацыяй ААТ “Ельня-Агра” і яго дырэктарам Міхаілам Мікалаевічам Якімовічам. Ён заўсёды пойдзе насустрач запытам культработнікаў, выдзеліць пэўную суму грошай, дапаможа матэрыяльна, калі грунтоўна рыхтуецца арганізацыя свят. Так, сёлета не без падтрымкі акцыянернага таварыства шырока і запамінальна правялі на адкрытай пляцоўцы Купалле, святы вёсак Буды і Людвінова, а яшчэ шмат іншых разнастайных мерапрыемстваў.

—    Наколькі вядома, у хуткім часе вы заканчваеце вучобу ў ВНУ, —адрасавалі мы сваё пытанне Ірыне. — Якія далейшыя перспектывы ставіце перад сабой на будучае?

—    Так, зараз я займаюся на завочным аддзяленні гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, — тлумачыць субяседніца. — У сакавіку наступнага года атрымаю дыплом аб заканчэнні навучальнай установы. Але ж, па праўдзе кажучы, мяне не прываблівае мітуслівы і неспакойны горад. На дадзены момант больш даспадобы жыццё ў вёсцы, хоць яна і не з’яўляецца сучасным аграгарадком, але ж непадалёк, за ракой Дзісной, мае родныя мясціны — вёска Сталіца. А ад працы ў сельскім клубе я атрымліваю задавальненне, таму што дорачы добры настрой людзям, бачу і чую іх станоўчыя водгукі аб сваёй рабоце. На мой погляд, сучасны работнік клубнай установы — гэта малады, мэтанакіраваны, амбіцыёзны спецыяліст-арганізатар, які ўсебакова разумее і падтрымлівае запыты ўсіх катэгорый насельніцтва, асабліва моладзі.

Сваім жа калегам па працы напярэдадні прафесійнага свята я жадаю аптымізму, здзяйснення задуманых планаў, новых творчых дасягненняў і ўдзячных наведвальнікаў мерапрыемстваў!

Сяргей РАЙЧОНАК,

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *