Майстар раённага Цэнтра рамёстваў Наталля Яфімава займаецца ткацтвам

Общество

Красавік даў старт цыклу сустрэч з цікавымі людзьмі пад назвай «Творцы роднага краю», якія ладзяцца ў дзіцячай бібліятэцы. Першым госцем стала майстар раённага Цэнтра рамёстваў Наталля Яфімава (на здымку).

У пачатку мінулага стагоддзя ў кожнай сялянскай сям’і маладыя дзяўчыны і сталыя жанчыны займаліся ткацтвам посцілак, ручнікоў, палавікоў, паясоў. З цягам часу гэты народны промысел адыйшоў у забыццё. На зменў даматканым рэчам у быт людзей увайшлі створаныя на фабрычных станках вырабы з тканіны. І толькі дзякуючы майстрам дамоў рамёстваў, якія створаны паўсюдна ў нашай краіне, рамяство продкаў адраджаецца і набывае новае жыццё.

Наталля Яфімава шмат гадоў працуе ў раённым Цэнтры рамёстваў. Жанчына выдатна шые, вяжа і тчэ. А якія прыгожыя і адмысловыя паясы выходзяць з-пад рук гэтага майстра! Каб уласна ў гэтым упэўніцца, на сустрэчу з Наталляй прыйшлі настаўнікі і вучні школ гарадскога пасёлка.

Як сказала сама майстар, на творчую працу па стварэнні паясоў яе натхняюць сыны Ягор і Даніла. Дарэчы, у кожнага пояса, вырабленага Наталляй, ёсць уласнае імя. Адны з іх жанчына назвала ў гонар сваіх дзяцей.

Каб мець большае ўяўленне, як ствараюцца паясы, жанчына правяла для дзяцей майстар-клас. Кожны з вялікім захапленнем браў у рукі ніткі і, пранізваючы іх праз чаўнок, стараўся стварыць штосьці ўласнае. Канечне, далёка не ва ўсіх гэта атрымлівалася, але хлопчыкі і дзяўчынкі праяўлялі настойлівасць і цярпенне. Магчыма, што хто-небудзь у бліжэйшы час завітае ў раённы Цэнтр рамёстваў, каб навучыцца рамяству нашых продкаў у таленавітага майстра Наталлі Яфімавай.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.