14 кастрычніка, у адно з самых душэўных, цёплых, добрых святаў у календары, увазе шаркаўчан была прадстаўлена конкурсная шоу-праграма “З гэтым іменем звязана жыццё”. Галоўнымі героямі яе сталі маці. Пяць канкурсантак Валянціна Стральчонак, Аксана Сініца, Дзіна Галагуш, Таццяна Невярковіч, Алена Дзіль выйшлі на сцэну, каб сваім прыкладам даказаць, што нашы жанчыны могуць паспяхова спраўляцца з работай, паспяваць з хатнімі клопатамі, знаходзіць час для творчасці, удзеляць дастаткова любові і ўвагі сваім дзецям і пры гэтым быць прыгожымі і ачаравальнымі.
У першым конкурсе адбылося традыцыйнае прадстаўленне. Маці расказвалі пра сябе, але ўсё адно атрымліваўся гэты расказ пра самы галоўны скарб у іх жыцці — пра сваіх дзетак. Для кожнай жанчыны нараджэнне дзіцяці становіцца цудам, быць мамай — гэта радасць, якую ў іх ніхто не ў сілах адняць. А некаторым мамам-канкурсанткам у прэзентацыі дапамагалі іх дзеці. Напрыклад, Ігар пра сваю маці Аксану Сініца расказаў у выступленні ў стылі рэп. “А мая мама самая любімая, добрая, модная, стыльная і дзелавая!” — так ахарактарызавала сваю маці Таццяну зусім маленькая Валерыя Невярковіч. Алена Дзіль сказала наступныя, вельмі разумныя і трапныя словы: “Калі я гляджу на сваіх дочак Эльвіру і Аліну, то разумею, што такое бяссмерце. Спадзяюся, што яны возьмуць ад мяне лепшае і заўсёды будуць з любоўю і цеплынёй успамінаць пра мяне.”
У наступным конкурсе “Вузельчык для любімага” трэба было праявіць майстэрства завязвання гальштукаў, прычым патрабавалася завязаць незвычайны вузел, назваць і расказаць пра яго. Смех і апладысменты ў зале выклікаў вузел Дзіны Галагуш пад назвай “Далёка не ўцячэш”. Яна проста звязала гальштукам рукі сабе і мужчыне, сапраўды, ад такой жонкі далёка не ўцячэш.
Вядома, сапраўдная маці-гаспадыня павінна ўмець добра гатаваць. Праявіць свае ўменні ў сэрвіраванні стала канкурсанткі змаглі ў выпрабаванні пад назвай “Есці пададзена”. Валянціна Стральчонак рыхтавала стол у народным стылі: вараная бульба, салёныя агуркі… А калі Валянціна паставіла на стол вялізную бутлю з мутной вадкасцю, зала выбухнула апладысментамі. “Вось бы, каб мяне так жонка сустракала!” — напэўна, падумала ў гэты момант мужчынская жанатая частка аўдыторыі. Аксана Сініца падрыхтавала стол да народнага свята Пакрова, які якраз святкаваўся ў той дзень, а таксама расказала, што ў іх сям’і прытрымліваюцца і паважаюць звычаі продкаў. Алена Дзіль у жартаўлівай сцэнцы расказала, як яна знаходліва рыхтуе святочны стол да нараджэння мужа. Якое ж было яго здзіўленне, калі напрыканцы святочнай вячэры яму ўручылі квіток на аплату заказанах з рэстарана страваў. Таццяна Невярковіч разам са сваімі малышамі прадэманстравала, як у іх рыхтуюцца да Новага года.
Кожнай маці даводзіцца часта выступаць у ролі цырульніка і мадэльера для сваіх дзяцей. У выпрабаванні “Стыліст” удзельніцы рабілі прычоскі і прадстаўлялі іх, а ў конкурсе “Мадэльер” іх дзеткі прадэфіліравалі па сцэне ў створанах матулямі касцюмах. Прадэманстраваць свае артыстычныя здольнасці жанчыны змаглі ў конкурсе “Хвіліна славы”. Таццяна Невярковіч, Дзіна Галагуш, Алена Дзіль праявілі іх у яркіх танцавальных нумарах. Аксана Сініца выступіла ў ролі вясёлага клоўна. А Валянціна Стральчонак у дуэце з Юліяй Палялейка сыгралі камічную сцэнку, у якой расказвалася, што ў любым узросце маці застаецца маці.
Незаўважна, на адным дыханні праляцела конкурсная праграма, падарыўшы гледачам масу станоўчых эмоцый. Заставалася падвесці вынікі. Вядома, вызначыць лепшую маці — задача немагчымая і непасільная. Бо для кожнага самай лепшай застаецца толькі яго мама. А вось узнагародзіць згодна з тымі якасцямі, якія найяскравей праявіліся падчас конкурсу, гэта можна было зрабіць, нікога не пакрыўдзіўшы. Такім чынам, самай творчай мамай была прызнана Дзіна Галагуш, самай арыгінальнай — Алена Дзіль, самай крэатыўнай — Аксана Сініца, самай абаяльнай — Валянціна Стральчонак, самай сціплай —Таццяна Невярковіч.
Са святам маці павіншавала ўсіх прысутных начальнік аддзела ідэлагаічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома. Думаецца, яна выразіла агульнае меркаванне ўсіх гледачоў, калі падзякавала канкурсанткам за смеласць, артыстызм, шчырасць, за непашкадаваны для рэпетыцый асабісты час, а таксама за падараванае гледачам у гэты дзень сапраўднае шоу. А Валянціна Іванаўна Лемяшэўская ад імя раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, старшынёй якой яна з’яўляецца, уручыла дзецям удзельніц конкурсу падарункі.
Застаецца дадаць, што падрыхтавалі гэта мерапрыемства Марыя Рабіза і Аксана Міронава, а расквеціць яго разнастайнымі фарбамі дапамагалі сваімі талентамі самадзейныя артысты і калектывы нашага раёна.
Андрэй БУРЭЦ, фота Марыны ЖАКАЎКА.




















