З сонцам у далонях, з дабрынёй у сэрцы (конкурс прафмайстэрства сярод сацыяльных работнікаў)

Актуальное

удзельнікі конкурсу са сваімі адмысловымі стравамі

Вельмі шмат у цяперашні час разнастайных прафесій, якімі можа авалодаць любы чалавек — іх проста не злічыць. Але наўрад ці пад сілу кожнаму быць сацыяльным работнікам. Канечне ж, не. І для гэтага не трэба заканчваць інстытут або ўніверсітэт, мець спецыяльную вышэйшую адукацыю. Самае галоўнае тут — наяўнасць сардэчнай дабрыні, душэўнай пяшчоты і ласкі, спагады і разумення, гатоўнасці ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу, калі ў ёй ахтосьці адчувае вялікую патрэбу. Вось такімі якасцямі і павінен валодаць чалавек, які свядома абраў прафесію сацыяльнага работніка.

Кожны год у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства сярод сацыяльных работнікаў установы. Паказаць свае дзелавыя якасці, паспаборнічаць у конкурсах і віктарынах сёлета выказалі жаданне шэсць чалавек: Аляксандр Рабіза, Аліна Кукарскіх, Ірына Маслякова — з гарадскога пасёлка, Іосіф Квач — са Станіславоўскага, Валянціна Шуман — з Лужкаўскага і Іна Дубчонак — з Більдзюжскага сельскіх Саветаў. Вядучая мерапрыемства, а ў яе ролі выступіла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алена Мікалаеўна Новікава, прадставіла ўдзельнікам і гледачам журы. У яго састаў увайшлі Святлана Мечыславаўна Савейка — дырэктар ТЦСАН, Юлія Мікалаеўна Собаль — юрысконсульт тэрытарыяльнага цэнтра і Алеся Анатольеўна Хаданёнак — бухгалтар гэтай жа ўстановы.

Першы конкурс — “Візітка”. Кожны ўдзельнік па чарзе расказваў журы і гледачам аб сабе і сваёй рабоце, дэманстраваў уласныя эмблемы і дэвіз прафесіі сацыяльнага работніка. Іосіф Квач праявіў арыгінальнасць у гэтым конкурсе: узяўшы ў рукі гармонік, ён правёў з прысутнымі гульню “Угадай мелодыю”. У другім конкурсным выпрабаванні ўдзельнікі падыходзілі да стала, дзе размяшчаліся члены журы, выбралі білет і адказвалі на пытанні прафесійнага характару. Кулінарны конкурс “Пальчыкі абліжаш”, які быў хатнім заданнем, паставіў журы ў разгубленасць: разнастайнасць прыгатаваных страў уражвала сваім эстэтычным афармленнем і смакавымі якасцямі. Большасць канкурсантаў прадставілі салаты, згатаваныя па свайму рэцэпту, даўшы ім мілагучныя назвы: “Грыбная паляна”, “Фантазія”, “Незнаёмка”. Напрыклад, Іна Дубчонак прадставіла згатаваныя ў рускай печы “маскоўскія сканцы” — стараверскую страву, а Іосіф Квач — салодкую шарлотку, у вершаванай форме расказаўшы пра працэс яе прыгатавання. У наступным заданні канкурсанты адказвалі на пытанні віктарыны па тэматыцы Года беражлівасці, атрымліваючы за правільны адказ салодкі прыз — цукеркі ад вядучай. Апошнія фарбы восені, арыгінальна і з густам сабраныя ўдзельнікамі ў мудрагелістыя букеты, сталі заключным конкурсным выпрабаваннем, у якім кожны распавядаў пра тэматыку састаўлення кампазіцый, тлумачыў назву сваіх букетаў.

Пакуль журы падводзіла вынікі, Іосіф Квач весяліў удзельнікаў і гледачоў беларускімі песнямі пад гармонік. Усе разам спявалі добра знаёмыя напевы. І вось, нарэшце, Святлана Мечыславаўна Савейка зачытала выніковы пратакол конкурсу. Намінацыі былі падабраны такім чынам, што ніхто з канкурсантаў не застаўся па-за ўвагай журы. Кожны адзначаны памятным сувенірам, зробленым рукамі гурткоўцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, дыпломамі і грашовымі прэміямі. У намінацыі “Прафесіяналізм і майстэрства” перамогу атрымала Іна Дубчонак, Іосіф Квач стаў лепшым у намінацыі “Творчасць і арыгінальнасць”, ён жа дадаткова яшчэ заваяваў і прыз глядацкіх сімпатый. “Натхненне і працавітасць” — намінацыя, якой удастоена Валянціна Шуман. Аляксандр Рабіза выйшаў пераможцам у намінацыі “Чуласць і стараннасць”. А Ірына Маслякова прызнана журы лепшай у намінацыі “Праца і стрыманасць”. Лепшым жа маладым сацыяльным работнікам 2013 года вызначана Аліна Кукарскіх.

На заканчэнне мерапрыемства ўсе, сабраўшыся за агульным сталом, маглі пачаставацца конкурснымі стравамі, падзяліцца рэцэптамі іх прыгатавання, у цёплай сяброўскай атмасферы пагутарыць не толькі аб сваёй рабоце, але яшчэ бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, падзяліцца ўражаннямі аб праведзеным конкурсе.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

“Кастрычніцкі накцюрн” — назва букета Валянціны Шуман
Іна Дубчонак прэзентуе сваю кулінарную страву
вясёлыя найгрышы Іосіфа Квача



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *