«Гэта наша з табой біяграфія» (Святочны канцэрт, прысвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі)

Актуальное

юныя артысты выканалі камсамольскую песню з юнацкім запалам і энергіяй

6 лістапада, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, у РДК прайшоў святочны канцэрт “Гэта наша з табой біяграфія”. Ён адбыўся пад знакам некалькіх важных гістарычных дат: у 2013 годзе споўнілася 95 гадоў Усесаюзнаму Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Моладзі, 96 гадоў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, 50 гадоў студэнцкаму будатрадаўскаму руху.

Да гэтых гістарычных падзей могуць быць розныя адносіны, але бясспрэчна, што яны з’яўляюцца фактамі біяграфіі нашай краіны, нашых дзядоў і бацькоў. Канцэрт стаў месцам сімвалічнай сустрэчы некалькіх пакаленняў, у зале прысутнічалі як пажылыя людзі, так і моладзь. Ужо на ўваходзе ў залу тых, хто ў свой час ствараў камсамольскую гісторыю Шаркаўшчынскага раёна, сустракалі з кветкамі прадстаўнікі БРСМ. Шаноўнымі гасцямі на свяце былі Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, Альдона Іванаўна Корсак, Галіна Нарбертаўна Шарыпа, Галіна Фёдараўна Волах, Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская, Мікалай Мікалаевіч і Ліма Францаўна Грабянёк, Юрый Іванавіч Даргель, Іна Дзмітрыеўна Мілянцей, Тамара Барысаўна Грыцкевіч і многія іншыя.

Павіншаваў са святам прысутных старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч:

Хочацца падзякаваць прадстаўнікам старэйшага пакалення за актыўную жыццёвую пазіцыю. Мы ў свой час шмат чаму ў вас навучыліся, вы былі для нас прыкладам. Ну а ў прадстаўнікоў маладога пакалення галоўныя дасягненні і поспехі яшчэ толькі наперадзе. Прыемна адзначыць, што нашы школьнікі дастойна працягваюць працоўныя традыцыі бацькоў: актыўна дапамагаюць гаспадаркам раёна на ўборцы ўраджаю, прымаюць удзел у рэканструкцыі ферм і іншых справах.

старшыня райвыканкама М. І. Баговіч уручае ўзнагароду Д. В. Туронку

Мікалай Ірынархавіч выканаў прыемную місію — уручыў узнагароды за актыўную жыццёвую пазіцыю і вялікі асабісты ўклад у розных сферах дзейнасці БРСМ сакратару пярвічнай арганізацыі Шаркаўшчынскага ПМС Сяргею Талапіла, сакратару пярвічнай арганізацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзіяне Чапулёнак і намесніку загадчыка аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці Віцебскага абласнога камітэта ГА “БРСМ”, куратару Шаркаўшчынскага раёна па рабоце ГА “БРСМ” Дзмітрыю Туронку.

У сваю чаргу Дзмітрый Туронак расказаў пра дзейнасць і дасягненні маладзёжнай арганізацыі ў вобласці і ўручыў граматы Віцебскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” за вялікі асабісты ўклад у развіццё маладзёжных праграм і праектаў БРСМ Іне Сямёнаўне Пучынскай і Марыі Пратасьеўне Фёдаравай.

Сваімі ўспамінамі пра актыўны ўдзел камсамольцаў у жыцці раёна падзяліўся былы першы сакратар Шаркаўшчынскага райкама камсамола Георгій Мікалаевіч Дубоўскі.

Па выніках школьнага працоўнага семестра 2013 года Віцебская вобласць была прызнана лепшай па арганізацыі занятасці школьнікаў. Ёсць у гэтым і заслуга Шаркаўшчынскага раёна, у якім працавалі 33 школьныя атрады. За актыўны ўдзел у арганізацыі часовай працоўнай занятасці школьнікаў “Працоўны семестр-2013” выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Юлія Палялейка ўручыла граматы Іёдскай ДС-СШ, Зоркаўскай СШ і Гуркаўскай БШ. Таксама граматы атрымалі актыўныя ўдзельнікі працоўных атрадаў дадзеных навучальных устаноў: Ілля Язёнак (Зоркаўская СШ), Кацярына Краснадубская (Гуркаўская БШ) і Дар’я Сідарава (лепшы камандзір працоўнага атрада Іёдскай ДС-СШ). Падзякай Шаркаўшчынскага РК ГА “БРСМ” была ўзнагароджана педагог-арганізатар Радзюкоўскай БШ Анна Пятроўна Ермакова.

сярод лепшых у сёлетнім працоўным семестры Зоркаўская СШ (дырэктар М. Я. Якімовіч, лепшы ўдзельнік школьнага атрада І. Язёнак) і Гуркаўская БШ (лепшы ўдзельнік школьнага атрада К. Краснадубская і дырэктар Л. Р. Хаданёнак)

І канечне, на канцэрце гучалі песні, якія ў свой час былі папулярнымі у савецкай дзяржаве, песні пра маладосць, камсамол, вясну, ідэалы сяброўства, патрыятызму — усё тое, што застаецца надзённым і для сённяшняй моладзі.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.

Мікіта Пундзіс уразіў публіку пранікнёным выкананнем песні “Вещая судьба”




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *