Галіна гандлю — гэта важная і неад’емная частка эканомікі, драйвер яе развіцця.
Сёлета органам гандлю Беларусі спаўняецца 100 гадоў з моманту іх утварэння. Шаркаўчане старэйшага пакалення добра памятаюць той час, калі наша раённае спажывецкае таварыства забяспечвала патрэбы жыхароў рэгіёну ў разнастайных харчовых і прамысловых таварах народнага побыту.
— У сістэму райспажыўкааперацыі я прыйшла ў 1977 годзе, — успамінае ветэран працы Людміла Мечаль. — Арганізацыю узначальваў граматны кіраўнік, прафесіянал сваёй справы Яўген Кандраценка. На гэту пасаду ён быў прызначаны ў 1974 годзе і нязменна кіраваў на працягу 22 гадоў.
Ва ўсіх, хто працаваў з Яўгенам Фамічом, засталіся толькі добрыя ўспаміны. У сярэдзіне 1970-х імклівымі тэмпамі ішло будаўніцтва аб’ектаў гандлю не толькі ў гарадскім пасёлку, але і ў раёне. Узводзілі гаспадарчым спосабам малыя і буйныя магазіны. Уласнымі сіламі быў пабудаваны хлебазавод і іншыя аб’екты.
У матэрыяле раённай газеты за 2018 год Яўген Фаміч успамінаў:
«Маючы пэўны вопыт працы ў гандлі, які я атрымаў на Глыбоччыне, дакладна бачыў, нікірункі, дзе трэба засяродзіць увагу. А працы тут і сапраўды хапала. У той час у гарадскім пасёлку былі толькі тры магазіны. У сельскай мясцовасці будынкі ўстаноў гандлю знаходзіліся ў нездавальняючым стане. Аб’ёмы работ перад намі стаялі вялікія, але мы справіліся з пастаўленымі задачамі і паступова райспажыўтаварыства стала на трывалыя рэйкі эканамічнага развіцця рэгіёну».
— Сістэма райспажыўтаварыства была шматгаліновай і ўключала ў сябе камбінат кааператыўнай прамысловасці, аддзел грамадскага харчавання, аптова-гандлёвую і аўтамабільную базы, — далучылася да гутаркі Эма Дудко, якая з’яўлялася інжынерам па ахове працы, узначальвала прафсаюзны камітэт. — Я ўладкавалася ў райспажыўтаварыства ў 1989 годзе. У той час арганізацыя налічвала 124 аб’екты гандлю, з якіх 95 размяшчаліся ў сельскай мясцовасці. У сістэме працавала звыш 1200 чалавек.
Безумоўна, тыя поспехі, якіх дасягнула райспажыўтаварыства, — бясспрэчная заслуга Яўгена Кандраценкі. Гэты чалавек змог згуртаваць вакол сябе каманду аднадумцаў, верных памочнікаў і надзейных сяброў. У раёне часта праходзілі абласныя і рэспубліканскія семінары, удзельнікі якіх са станоўчага боку адзначалі работу райспажыўтаварыства, бралі для сябе вопыт працы шаркаўчан. Прыязджалі нават калегі з Прыбалтыкі.
Шкада, што гэта засталося ў мінулым. Але, магчыма, пройдзе час, які зменіць усё ў лепшы бок. Дастойную канкурэнцыю дзяржаўнаму гандлю цяпер складаюць камерцыйныя структуры. Руплівы гаспадар, якому належыць тая або іншая гандлёвая ўстанова, заўсёды знойдзе выйсце з любой складанай эканамічнай сітуацыі, як мага большым зробіць асартыментны пералік тавараў, задаволіць патрэбы пакупнікоў. Галоўнае, паставіць перад сабой цвёрда вызначаную мэту і ўпэўнена крочыць да яе, пераадольваючы на шляху ўсе цяжкасці.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


