Справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”

Актуальное

М. І. Баговіч уручае Падзяку старшыні райвыканкама Д. У. Жынгель

29 лістапада ў РДК прайшоў справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. У глядзельнай зале раённага дома культуры сабраліся актыўныя ўдзельніцы гэтага грамадскага аб’яднання. Са справаздачай перад прысутнымі выступіла старшыня раённай арганізацыі Даната Уладзіміраўна Жынгель. У сваім выступленні яна расказала пра тую важную ролю, якую адыгрываюць жанчыны ў жыцці краіны, пра канкрэтную дзейнасць, якую праводзяць актывісткі саюза ў нашым раёне. А гэта прафілактычная работа з недабранадзейнымі сем’ямі і прапаганда сямейных каштоўнасцей, арганізацыя культурнага адпачынку і разнастайных мерапрыемстваў і многае іншае.

На сходзе прысутнічаў старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч.

—Цяжка пералічыць усе тыя ролі, якая выконвае беларуская жанчына, у сучасным грамадстве, — зазначыў ён у сваім выступленні. — Вы і захавальніцы дамашняга ачага, і адказныя работнікі, прычым жанчыны як у краіне, так і ў нашым раёне займаюць высокія кіраўнічыя пасады. Ад вас у многім залежыць поспех у барацьбе з негатыўнымі з’явамі ў грамадстве. Акрамя гэтага, вы натхняеце нас, мужчын, на плённую дзейнасць. Хочацца падзякаваць вам за актыўную жыццёвую пазіцыю. Я думаю, мы і надалей працягнем плённае супрацоўніцтва і будзем разам вырашаць праблемы.

Мікалай Ірынархавіч выканаў прыемную місію і ўручыў Данаце Уладзіміраўне Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама.

Старшыні жансаветаў пярвічных арганізацый раёна і гарадскога пасёлка расказалі пра тую дзейнасць, якая праводзіцца на месцах і ў калектывах.

Спецыяліст ТЦСАН па назначэнні дзяржаўнай сацыяльнай адраснай дапамогі Анна Васільеўна Цітовіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Аляксандраўна Малюгіна у сваіх выступленнях засяродзілі ўвагу на сацыяльнай дапамозе, якую аказвае дзяржава сем’ям і маці.

Пасля гэтага быў сфарміраваны прэзідыум сходу і абраны старшыня раённай арганізацыі жанчын. Адзінагласна было вырашана, што Д. У. Жынгель працягне выконваць абавязкі на гэтай пасадзе. Як адзначылі прысутныя, у асобе Данаты Уладзіміраўне сумяшчаецца вопыт і мудрасць. З’яўляючыся дырэктарам ДзУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Шаркаўшчынскага раёна” яна выдатна валодае сітуацыяй у раёне.

Даната Уладзіміраўна Жынгель

Работнікі культуры падаравалі прысутным жанчынам невялікі канцэрт, пасля якога ўдзельніцы сходу наведалі новую шаркаўшчынскую бальніцу, дзе для іх правялі экскурсію і прачыталі лекцыю, а таксама сацыяльна-педагічны цэнтр.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.

на сцэне шаркаўшчынскія артысты



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *