У 1992 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 3 снежня Міжнародным Днём інвалідаў. З таго часу ён адзначаецца ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь. Зразумела, што Дзень інвалідаў нельга назваць святам. Гэта дата — напамін пра тых людзей, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Інваліднасць — цяжкае выпрабаванне для чалавека. Да адных яна прыходзіць нечаканай хваробай, траўмамі, няшчаснымі выпадкамі, да іншых — нараджэннем дзіцяці з адхіленнямі ў здароўі.
На жаль, даводзіцца канстатаваць той факт, што колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі з цягам часу павялічваецца. Каб жыць паўнацэнным жыццём, людзям-інвалідам неабходна комплексная рэабілітацыя, якая спалучае ў сабе медыцынскую, псіхолага-педагагічную і сацыяльную дапамогу.
Пра справы ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна паведаміла яго загадчыца Таццяна Мар’янаўна Клімза:
— У нашым грамадстве часта існуюць памылковыя адносіны да людей з інваліднасцю. А ўзнікаюць яны з-за адсутнасці вопыту зносін з інвалідамі, з-за нізкай інфармаванасці і нявыхаванасці людзей. Прывяду прыклад. Іду па вуліцы з інвалідам, насустрач нам некалькі школьнікаў. Спачатку пераглядваюцца, потым пачынаюць смяяцца. Спыняемся і звяртаюся да падлеткаў: “Хлопцы, а чаму вы радуецеся? Нельга так сябе паводзіць. Як можна смяяцца з чалавека за тое, што ён не такі, як вы? Памятайце, захварэць можа кожны”. У адказ — спачатку маўчанне, а потым — словы прабачэння. Талерантныя і паважлівыя адносіны да людзей-інвалідаў павінны выхоўвацца ў чалавеку яшчэ з маленства: у дзіцячым садку, у школе, у сям’і.
З 2009 года ў нашым раёне працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. На мерапрыемствы, якія мы арганізуем для іх, запрашаем таксама здаровых дзяцей і падлеткаў. З 2012 года рэалізуецца сацыяльны праект “Мы — разам!”. Яго ўдзельнікі — інваліды, што наведваюць аддзяленне дзённага прабывання, а таксама дзеці і падлеткі, якія займаюцца ў гуртках ”Юны карэспандэнт” і “Юны фалькларыст” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Кіраўнік гурткоў Ірына Аляксандраўна Тарбецкая і яе выхаванцы з’яўляюцца частымі гасцямі ў нашым аддзяленні. Сумесныя святы, віншавальныя праграмы, акцыі прыносяць вялікую радасць і карысць як наведвальнікам аддзялення, так і гурткоўцам. Бо ў творчай і дабрадушнай абстаноўцы ў дзяцей фарміруюцца спачуванне і талерантнасць да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, яны набываюць практычныя навыкі ўзаемаадносін з інвалідамі ў працэсе сумеснай дзейнасці. Цесную сувязь з намі падтрымлівае і раённая бібліятэка. Бібліятэкар Раіса Мікалаеўна Гракава праводзіць змястоўныя мерапрыемствы для інвалідаў, як у аддзяленні, так і ў чытальнай зале бібліятэкі. Яны накіраваны на далучэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі да культурных каштоўнасцяў.
Мы імкнёмся, каб аддзяленне дзённага знаходжання дарыла людзям з інваліднасцю радасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, надзею, а ўсім астатнім, хто прыходзіць да нас, магчымасць пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці, прасцей паглядзець на штодзённыя праблемы, атрымаць карысныя жыццёвыя ўрокі міласэрнасці і дабрыні. Таму запрашаем да супрацоўніцтва з намі не толькі інвалідаў, але і школьнікаў, моладзь, грамадскія аб’яднанні. Важна не толькі ведаць аб праблемах інвалідаў, а і заўважыць сярод нас людзей з абмежаванымі магчымасцямі, быць не побач, а разам з імі, праяўляць тактоўнасць і дабрыню, аказваць неабходную падтрымку і пасільную дапамогу.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
