Пётр Аляксандравіч Краснікаў працуе ў філіяле РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” ужо 40 гадоў. Далёка не кожны можа пахваліцца такім стажам работы, таму няма нічога дзіўнага, што Пётр Аляксандравіч быў удастоены звання “Заслужаны работнік УП “Віцебскаблгаз”. Як жа пачынаўся яго працоўны шлях і што звязала яго лёс з райгазам?
— Адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, — расказвае ён, — я падаў дакументы ў БПІ (зараз БНТУ) на завочнае аддзяленне. А на радзіме ў той час якраз з’явілася вольнае месца ў РВУ “Шаркаўшчынарайгаз”. Уладкаваўся і стаў працаваць слесарам. Калі скончыў вучыцца, мяне прызначылі на пасаду намесніка начальніка. Пазней стаў галоўным інжынерам, а яшчэ праз некаторы час майстрам на службе па абслугоўванні ўнутрыдамавога газавага абсталявання. Спецыфіка такая, што ў асноўным даводзіцца працаваць з насельніцтвам. Спектр дзейнасці ў нас шырокі: займаемся заменай старых і мантажом новых пліт, устаноўкай лічыльнікаў, таксама абслугоўваем газавае абсталяванне, праводзім тэхнічнае абслугоўванне і рамонт ацяпляльных апаратаў. Стараемся якасна выконваць сваю работу і з добразычлівасцю ставіцца да людзей.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
