Лес — каштоўны дар прыроды

Общество

Праца лесаводаў ва ўсе часы была важнай і патрэбнай для грамадства, аховы экалогіі, развіцця эканомікі краіны.

Лясны фонд нашага раёна ўваходзіць у склад Дзісненскага, Пастаўскага лясгасаў і Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу — мы наведаліся ў Новапагосцкае лясніцтва, каб пагутарыць з ляснічым Мікалаем Мішуком.

— Скажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой Новапагосцкае лясніцтва?

— Наша лясніцтва было створана ў 1953 годзе. Агульная плошча складае 9600 гектараў. Лясны фонд размяшчаецца на тэрыторыях Шаркаўшчынскага і Міёрскага раёнаў. 4800 гектараў займаюць хвойныя пароды, 3280 — мяккаліставыя.

— Як выконваюцца планы па лесанарыхтоўчых работах і іншых відах дзейнасці?

— Штогод Дзісненскім лясгасам даводзяцца планы па асвятленні, прачыстцы і прарэджванні лесанасаджэнняў, якія мы выконваем у поўным аб’ёме. Спраўляемся са своечасовай і якаснай нарыхтоўкай дзелавой драўніны. Напярэдадні навагодніх святаў рэалізуем насельніцтву елкі. Вясной нарыхтоўваем бярозавы сок, улетку — дзікарослыя ягады, восенню — яловыя і сасновыя шышкі.

— Якая тэхніка ёсць у лясніцтве для выканання адпаведных работ?

— Колькасць адзінак тэхнікі ў нас невялікая. Гэта аўтамабіль «ГАЗель» для дастаўкі людзей на месца работы, тралёвачны трактар і трактар-лесавоз з гідраманіпулятарам.

— Тэхніка тэхнікай, але ж аснова любой працы — людзі. Раскажыце пра ваш калектыў.

— Усяго ў лясніцтве працуюць 15 чалавек. Гэта інжынерна-тэхнічныя работнікі, бухгалтар, леснікі, трактарысты, вадзіцель, прыбіральшчыца.

За шматгадовую добрасумленную працу нагрудным знакам «20 год бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» сёлета ўзнагароджаны ляснік Аляксандр Яфімаў. 30 год у лясніцтве працуе трактарыст Генадзь Граковіч. Хочацца адзначыць, што наш калектыў працавіты, старанны і з’яднаны.

— Раскажыце крыху пра сябе.

— Нарадзіўся я ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума працаваў у Івацэвіцкім раёне. Па сямейных абставінах пераехаў у 1990 годзе ў Новы Пагост, дзе спачатку працаваў лесніком у мясцовым лясніцтве, потым майстрам цэха дрэваапрацоўкі, а з сакавіка 2003 года займаю пасаду ляснічага. Работу сваю люблю, бо ў гэту прафесію прыйшоў свядома і ніколі аб гэтым не пашкадаваў.

— Дзякуй за размову. Віншую з надыходзячым святам.

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.