У Шаркаўшчыне адбываецца фестываль турыстычнага патэнцыялу Віцебскага Паазер’я «Паазерскі кірмаш».
Дзіўны і прыгожы Шаркаўшчынскі край. Ён, як і ўся наша любая Беларусь, мае глыбокія карані і традыцыі. Прырода шчодра адарыла яго багатымі лясамі, азёрамі і рэкамі, славіцца Шаркаўшчынская зямля помнікамі архітэктуры і таленавітымі людзьмі. А вось выгаднае геаграфічнае становішча на працягу многіх гадоў спрыяла правядзенню тут кірмашоў.
Фестываль “Паазерскі кірмаш” праходзіць у першы раз і мы спадзяемся, што ён стане традыцыйным для нашай гасціннай шаркаўшчынскай зямлі. Праводзіцца ён з мэтай папулярызацыі, прапаганды і далейшага развіцця традыцый беларускай нацыянальнай культуры, захавання і знаёмства насельніцтва з элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А таксама з мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да традыцыйных і сучасных відаў творчасці рамеснікаў; фарміравання эстэтычнага густу насельніцтва на ўзорах творчасці рамеснікаў і майстроў. Ну і самае галоўнае — з мэтай развіцця турыстычнага патэнцыялу Віцебскагага Паазер’я і асабіста Шаркаўшчынскага регіёна.
У свяце прысаюць удзел прадстаўнікі турыстычных інфармацыйных Цэнтраў з Браслаўскага, Глубокскага, Міёрскага, Расонскага, Пастаўскага, Верхнядвінскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Індывідуальныя рамеснікі, майстры Цэнтраў и Дамоў рамёстваў, з Пастаў, Дзісны, і Шаркаўшчыны. Таксама прадстаўнікі аграэкасядзіб — удзельнікі гандлёвых радоў ”Хто працуе, той не сумуе“.
***
Шчодрая прырода адарыла шаркаўшчынскі край багатымі лясамі, азёрамі і рэкамі, якія вабяць сваёй чысцінёй і красой. А яшчэ наша зямля славіцца сваімі помнікамі архітэктуры і таленавітымі людзьмі, якія з пакалення ў пакаленне захоўваюць багатыя культурныя традыцыі. Упершыню на тэрыторыі раёна прайшоў фестываль «Паазерскі кірмаш». Яго мэтай стала развіццё турыстычнага патэнцыялу Віцебскага Паазер’я і асабіста нашага рэгіёну.
— Дзякуючы падпраграме «Развіццё сферы турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры ў Паазер’і Віцебскай вобласці на 2023—2025 гады» наш раён, у ліку сямі іншых, працуе над стварэннем развітай турыстычнай індустрыі, здольнай рэалізоўваць якасны канкурэнтаздольны комплекс турыстычных паслуг для задавальнення патрэб максімальнага ліку турыстаў, — адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Плануецца, што экспарт турыстычных паслуг у раёнах Паазер’я да наступнага 2025 года павялічыцца ў два разы. А гэта ў сваю чаргу станоўча паўплывае на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы турыстычных аб’ектаў, забеспячэнне іх кваліфікаванымі кадрамі, якія будуць развіваць разнастайныя віды турызму. Сённяшні фестываль — яшчэ адно яскравае сведчанне мнагаграннасці і таленавітасці нашага народа.
На свяце прысутнічалі прадстаўнікі турыстычных інфармацыйных цэнтраў з Браслаўскага, Глыбоцкага, Міёрскага, Расонскага, Пастаўскага, Верхнядзвінскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама рамеснікі, прадстаўнікі аграэкасядзіб, майстры цэнтраў і дамоў рамёстваў з Пастаў і Дзісны.
На свяце выступілі творчыя калектывы з Пскова, Мінска, Верхнядзвінска, а таксама шаркачане.
Шматлюдна было каля падворкаў, на якіх праходзіла дэгустацыя кулінарных страў у межах конкурса-прэзентацыі «Бульбашы на кірмашы».
Нездарма ў народзе бульбу называюць другім хлебам. Нашу нацыянальную кухню цяжка ўявіць без страў, зробленых з гэтага віду гародніны.
Удзельнікі конкурсу-прэзентацыі загадзя падрыхтаваліся, каб не проста гасцінна запрасіць шаркаўчан на свой падворак, а ў літаральным сэнсе здзівіць іх. Дарэчы, на сталах гаспадыні прапаноўвалі не толькі бульбяныя стравы. Былі тут і мучныя, і мясныя вырабы, садавіна, гародніна, мёд, квас, раўгеня. Не толькі журы ацэньвала майстэрства гаспадынь, паласавацца мог любы жадаючы. Гэту магчымасць з радасцю скарысталі шаркаўчане і госці фестывалю.
Дзмітрый Ламака ўручыў Падзякі кіраўніка раёна ўсім удзельнікам кулінарнага паядынку. У намінацыі «старая страва на новы лад» адзначаны Більдзюгскі сельвыканкам і цэнтральная раённая бальніца. Сярэдняя школа № 1, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Радзюкоўскі сельвыканкам атрымалі перамогу ў намінацыі «страва для ўсёй сям’і». Журы ў намінацыі «страва-экзотыка» аднагалосна аддала перавагу сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына, Станіславоўскаму і Іёдскаму сельвыканкамам. Бясспрэчнымі пераможцамі ў намінацыі «нацыянальны каларыт» сталі Германавіцкі і Лужкаўскі сельвыканкамы.
Многія цікавіліся, якія паслугі для адпачываючых аказваюць шаркаўшчынскія аграэкасядзібы. Пра гэта можна было даведацца на пляцоўцы «Хто працуе, той не сумуе». Паралельна працавалі рады рамеснікаў. Паўсюдна гучалі музыка і вясёлы смех.
Да позняга вечара ішло народнае гулянне ў Шаркаўшчыне. Жыхары гарадскога пасёлка, вяскоўцы сёлета сабралі багаты ўраджай, таму і мелі магчымасць удосталь адпачыць у кампаніі родных і сяброў.
Фестываль стаў яркім пачаткам новага праекта, які мае патэнцыял стаць адным з найбольш значных культурных і турыстычных мерапрыемстваў у рэгіёне. Хай жа слава пра «Паазерскі кірмаш» прагучыць далёка за межамі Віцебскай вобласці!
Алена АНАНІЧ, Сяргей РАЙЧОНАК, фота Алены АНАНIЧ.