На скрыжаванні шляхоў на Полацк, Глыбокае, Міёры і Шаркаўшчыну знаходзіцца аграгарадок Германавічы, які мае багатую гісторыю і важкую спадчыну. На яго тэрыторыі сёння пражываюць каля 500 жыхароў. Упершыню вёска згадваецца ў 1563 годзе пад назвай Ерманавічы (мяркуецца, што назва паходзіць ад імя заснавальніка Ермана). Крыху пазней у 1579 годзе на карце Станіслава Пахалавецкага пазначана назва — Германавічы.
Памяць праз стагоддзі
Населены пункт упамінаецца як сяло Вялікага княства Літоўскага на мяжы Полацкага і Віленскага ваяводстваў. Рака Дзісна падзяляе населены пункт на дзве часткі. Паходжанне назвы тлумачыцца вельмі проста: першага чалавека, які пасяліўся тут, на ўзбярэжжы ракі Дзісна, звалі, нібыта, Ерман… Жыхары Германавіч удзячны гэтаму першаму пасяленцу: месца ён выбраў зручнае, прыгожае.
Верагодней усяго першапачатковымі ўладальнікамі маёнтка былі Сапегі. У 1739 Юзаф Станіслаў Сапега прадаў Германавічы інфлянцкаму памешчыку Яну фон Экель Гільзену. 3 гэтага часу Германавічы — цэнтр асобнага маёнтка. У сваю чаргу ў 1782 годзе Юзаф Гільзен (мсціслаўскі ваявода) прадаў Германавічы за 2 млн. злотых Ігнату Шырыну. Менавіта ён абраў маёнтак сваёй галоўнай сядзібай і распачаў будаўніцтва сядзібнага дома (палаца), а праз пяць гадоў — касцёла Перамянення Пана. Храм будаваўся як уніяцкая царква Апекі Прасвятой Багародзіцы, і толькі недзе ў перыяд з 1800 па 1805 гг. яна была перададзена каталікам. Гэтыя помнікі архітэктуры да сённяшняга часу ўпрыгожваюць аграгарадок.
Шырыны валодалі Германавічамі і ваколіцамі да 1939 года. У 1927 годзе Антон Шырын, апошні ўладальнік маёнтка, прадаў сядзібны дом уладзе, а з 1929 года тут была заснавана школа. У савецкі час у былым сядзібным доме да 1982 года вучыліся дзеці. Зараз частку будынка займае музей, які носіць імя Язэпа Драздовіча, мастака і графіка, археолага, этнографа і паэта, пісьменніка і скульптара.
Гістарычна склалася, што ў Германавічах жылі прадстаўнікі чатырох канфесій (каталікі, праваслаўныя, стараверы, іудзеі). У 1926 годзе была пабудавана з дрэва стараверская Свята-Успенская царква — помнік народнага дойлідства, якая хутка адзначыць сваё 100-годдзе. У даваенны час у Германавічах былі дзве сінагогі (на левым і правым беразе ракі Дзісна).
У 1941 годзе страшэннай віхурай уварвалася ў жыццё жыхароў вёскі Вялікая Айчынная вайна, якая ўнесла свае карэктывы ў іх лёсы. Нямецка-фашысцкімі акупантамі былі па зверску забітыя каля трохсот чалавек, амаль усе яны былі яўрэямі, якія ў даваенны час жылі ў Германавічах. Некаторыя вяскоўцы змагаліся супраць захопнікаў у партызанскіх атрадах, іншыя, пасля вызвалення Германавіч, 1 ліпеня 1944 года, былі прызваны ў рады Чырвонай Арміі. На стэле, у цэнтральным парку аграгарадка, увекавечаны імёны землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы ад фашысцкай чумы Еўропу.
У пасляваенны час працавітыя, цярплівыя, памяркоўныя
жыхары нашай вёскі літаральна паднялі яе з руін. У 1949 годзе ў
Германавічах быў створаны калгас імя Мічурына. У 1965 годдзе была завершана электрыфікацыя калгаса, а напрыканцы 1966 года пабудаваны жалезабетонны мост праз раку Дзісну, які злучае два
берагі ракі Дзісна да сённяшняга часу.
У другой палове 70-х гадоў быў пабудаваны сучасны дом культуры, будынак Германавіцкага сельскага Савета, а ў 1982 годзе адчыніліся дзверы новай школы.
У выніку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця
вескі ў 2006 годзе Германавічы набылі статус аграгарадка. Былі
адрамантаваны будынкі амбулаторыі, бальніцы, школы, цэнтра культуры і народнах традыцый.
Людзі і час
— Германавічы — аграгарадок з багатай гісторыяй, якая сёння ўдала спалучаецца з сучаснасцю, — упэўнена старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч. — А сапраўдны гонар нашага краю — гэта людзі, тыя, хто ствараў сваю гісторыю, хто працягвае яе пісаць. Усё, што сёння зроблена ў Германавічах — гэта вынік стараннай працы вяскоўцаў, якія сваім талентам і энергіяй уносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу аграгарадка, спрыяюць яго дынамічнаму развіццю.
У ліку такіх людзей старэйшына аграгарадка Германавічы Іна Пучынская. Добры старэйшына — гэта правая рука ўлады на месцах, ён ведае патрэбы людзей, агучвае праблемы, дапамагае іх вырашаць. Менавіта такім чалавекам і з’яўляецца Іна. Яна родам з нашага раёна, з вёскі Савіцкія. А ў Германавічы прыехала на сваё першае месца працы. З таго часу прайшло 45 год. Іна Пучынская ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай гісторыі ў Германавіцкай сярэдняй школе і адначасова ўзначальвала работу гісторыка-краязнаўчага музея, створанага ў школе па ініцыятыве былой настаўніцы і краязнаўцы Ады Райчонак. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іна Пучынская стала навуковым супрацоўнікам мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах. За перыяд сваёй працоўнай дзейнасці, як і некаторыя яе землякі, шмат зрабіла для таго, каб аграгарадок Германавічы стаў своеасаблівым цэнтрам духоўнасці і культуры ў нашым раёне.
— Спрадвеку жыхары Германавіч, нягледзячы на цяжкасці і праблемы, на працягу стагоддзяў імкнуліся захаваць нашу вёску для наступных пакаленняў, — падзялілася сваімі думкамі Іна Пучынская. — Для кожнага родная вёска — гэта лёс, жыццё, мінулае, сучаснае і будучыня. Побач са мной, як у школе, так і ў музеі, заўсёды былі цікавыя,мэтанакіраваныя, крэатыўныя, з доляй здаровага гумару сябры, калегі, аднадумцы. Так склалася, што дырэктар музея імя Язэпа Драздовіча Людміла Навіцкая і старшы навуковы супрацоўнік Таццяна Катовіч былыя мае вучаніцы, як і настаўніца гісторыі Ганна Свілёнак і намеснік дырэктара школы Ганна Суднік. Мы ўсё робім разам.
Песні над вёскай гучаць
Не пералічыць колькі радасці, пазітыўных эмоцый і шчаслівых імгненняў падарылі сваім землякам удзельніцы музычнага трыа «Натхненне» Германавіцкага цэнтра культуры і народных традыцый. Вольга Сташкевіч, Святлана Фурс і кіраўнік калектыву Святлана Лагун звыш 15 гадоў назад паспрабавалі спяваць разам, і гэты вопыт аказаўся надзвычай удалым. З той пары яны на сцэне, заўсёды разам (усе тры жанчыны працуюць на розных пасадах у цэнтры культуры і народных традыцый), пры гэтым іх паводзіны, адзенне, знешні выгляд і з густам падрыхтаваныя музычныя кампазіцыі ў поўнай ступені адпавядаюць слову культура. З удзелам жаночага калектыву ў аграгарадку Германавічы, у нашым раёне і нават краіне праходзяць святочныя канцэрты, узнагароджванні, зажынкі і дажынкі, святы вёсак, іншыя розныя мерапрыемствы. Калектыў дружны, з’яднаны, яго выступленні — заўсёды падарунак для гледачоў. Ганарацца ў Германавічах сваімі артысткамі, дзякуючы якім над вёскай гучаць мілагучныя песні. Тым больш, што не так часта ў нашым жыцці здараюцца святы, калі сярод неадкладных работ сяльчане ўсё ж знаходзяць час для адпачынку з сябрамі пад добрую песню.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і Алены Ананіч







