Штодзённая карпатлівая праца дарожных работнікаў дазваляе трымаць у належным стане многія кіламетры аўтатрас. Каб даведацца, якіх вынікаў дасягнула ў гэтым годзе ДРБУ № 131, мы наведалі арганізацыю.
— Штат работнікаў налічвае крыху больш за 60 чалавек, — паведаміў начальнік упраўлення, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Гарбузаў. — Агульная працягласць аўтамабільных дарог складае 553 кіламетры, з якіх 175 — з асфальтабетонным пакрыццём.
2024 год для нашай арганізацыі склаўся паспяхова. Па раёне адрамантавана 25 кіламетраў аўтадарог. Пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё на вуліцах шматлікіх аграгарадкоў і вёсак. Уведзены ў эксплуатацыю новы мост праз раку Белая ў вёсцы Сасноўцы. Закончылі укладку новага асафальтабетоннага пакрыцця паміж вёскай Бяляны і аграгарадком Лужкі. Аналагічны від работ ажыццявілі паміж вёскамі Болкалы і Пашкі.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне пакласці асфальтабетоннае пакрыццё ад райцэнтраў да ўсіх існуючых аграгарадкоў. Мы пачалі праводзіць работы ў гэтым накірунку паміж населенымі пунктамі Буеўшчына і Шыці. Сёлета там будзе пакладзены адзін кіламетр асфальтабетоннага пакрыцця. У будучым годзе плануем завяршыць работы.
Работнікі арганізацыі былі задзейнічаны не толькі на тэрыторыі нашага раёна. Працавалі мы на рамонце прыдамавых і дваровых тэрыторый ў гарадах Полацк і Наваполацк.
Улічваючы вялікія аб’ёмы работ, у летні перыяд пераходзілі на шасцідзённы працоўны тыдзень. Калі раней за год завод выпускаў 5 тысяч тон асфальтабетоннай сумесі, то сёлета гэта лічба склала 25 тысяч тон.
Асноўная наша задача — падтрымліваць дарожную інфраструктуру ў належным стане. У вясенне-летні перыяд займаемся абкосам прыдарожных палос, фарбаваннем аўтобусных павільёнаў, нанясеннем разметкі, ямачным рамонтам. Зімой працы ў нас больш. Трэба своечасова ачысціць дарожнае палатно ад снежных сумётаў, рассыпаць пясчана-саляную сумесь супраць галалёдзіцы. Да правядзення гэтых мерапрыемстваў мы цалкам падрыхтаваліся.
Паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі залежыць ад зладжанасці яе калектыву. У гэтым плане ў ДРБУ № 131 усё добра: работнікі працавітыя, адказныя, ці гэта вадзіцель аўтамабіля, ці трактарыст. Ва ўсім бачыцца почырк прафесіяналаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

