Чарговы раз, як і ў папярэднія гады, 7 студзеня ў раённым Доме культуры прайшоў спектакль навучэнцаў нядзельнай школы прыходу праваслаўнай царквы “Усіх Смуткуючых Радасць”. Адкрыў свята настаяцель храма айцец Віктар Валашчук. Ён расказаў пра станаўленне хрысціянства, пра святкаванне Нараджэння Ісуса Хрыста стагоддзі таму назад, павіншаваў праваслаўных з гэтым вялікім святам.
Спектакль, умела і з густам пастаўлены дзецьмі, быў арганічна дапоўнены рэлігійнымі песнапеннямі хору выкладчыкаў раённай дзіцячай школы мастацтваў. Сама ж пастановачная дзея перадала гледачам хвіліны радасці, перанесла ў тыя часы, калі ў Віфліеме нарадзіўся збаўца ўсяго чалавецтва. Маленькія артысты, пераўвасобіўшыся ў біблейскіх персанажаў Марыю, Іосіфа, анёлаў, вешчуноў, пастухоў, заклікалі кожнага звянуцца да веры, да святой малітвы, яшчэ раз задумацца пра сэнс свайго жыцця.
Дабрачынны Цэркваў Шаркаўшчынскага раёна протаіерэй Пётр Бараноўскі, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці, цёплымі, шчырымі словамі падзякаваў маленькім артыстам за падрыхтаваную пастаноўку, павіншаваў хрысціян, пажадаў ім любові, дабра, радасці і шчасця, поспехаў і ўдачы, моцнага здароўя, спаўнення мар і ажыццяўлення жаданняў. Напрыканцы свята музычнымі нумарамі парадавалі гледачоў самадзейныя артысты РДК. Дзіцячыя калектывы дапоўнілі мерапрыемства сваімі вясёлымі песнямі і танцамі. Ад імя прыходу царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра айцец Віктар Валашчук ўручыў калядныя падарункі.
Сяргей РАЙЧОНАК,
фота аўтара.








