Станіслаў Чарвінскі з’яўляецца равеснікам газеты «Кліч Радзімы»

Общество

Жаданы госць у нашым доме! Так выказаўся ў час падчас размовы жыхар гарадскога пасёлка Станіслаў Чарвінскі. Шаркаўчанін нядаўна адзначыў сваё 80-годдзе, ён з’яўляецца равеснікам раённай газеты «Кліч Радзімы».

Нарадзіўся мужчына ў вёсцы Забор’е, пасля заканчэння Каўшэлеўскай сямігодкі пайшоў працаваць, з’яўляўся прычэпшчыкам у калгасе імя Чапаева.

Прага да вучобы прывяла юнака ў Пастаўскае рамеснае вучылішча, дзе Станіслаў набыў кваліфікацыю механізатара. Вярнуўшыся ў сельгасарцель, хлопец уладкаваўся спачатку вадзіцелем грузавога аўтамабіля, у час жніва перасаджваўся за штурвал зернеўборачнага камбайна.

Падчас праходжання тэрміновай службы Станіслаў пазнаёміўся з будучым карэспандэнтам раённай газеты «Кліч Радзімы» Віталіем Мацуком. Сяброўскія адносіны мужчыны падтрымлівалі доўгія гады. Калі Станіслаў працаваў у дарожна-будаўнічым упраўленні № 26, неаднаразова станавіўся героем газетных публікацый, аўтарам якіх з’яўляўся Віталій.

— Вялікую ролю ў маім прафесійным станаўленні адыграла спадарожніца жыцця Ядзвіга, — кажа мужчына. — Пасля працы, працяглых камандзіровак мы з жонкай заўсёды абмяркоўвалі апошнія навіны. Заўсёды выпісвалі раённую газету. «Кліч Радзімы» і цяпер застаецца ў нашым доме жаданым госцем. Асабліва падабаюцца артыкулы, у якіх расказваецца пра дасягненні нашага раёна, пра перадавікоў вытворчасці, сацыяльнай сферы, ветэранаў працы.

З нагоды 80-годдзя нашага любімага перыядычнага выдання жадаем калектыву рэдакцыі далейшага творчага і прафесійнага росту, аператыўнага  пошуку актуальных тэм і адметных падзей. Зычым вострага пяра, а кожнаму асабіста — моцнага здароўя, бадзёрасці духу, дабрабыту, шчасця і жыццёвай энергіі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.