«На фота сыночак зусім малады, бацькоўскі жаль не ўмірае…» Пра Леаніда Сандзюка, які загінуў у Афганістане

Актуальное

Веніямін Паўлавіч Сандзюк з партрэтам сына

15 лютага — 25 год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Гэты Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў Афганскай вайны, і дзень жалобы аб тых, хто не вярнуўся адтуль жывым. Праз многія выпрабаванні давялося прайсці маладым хлопцам, выконваючы свой салдацкі доўг перад Радзімай. Цяжка перажыць гора бацькам, якія не дачакаліся сваіх сыноў, але ж яны былі сапраўднымі мужчынамі і засталіся вернымі воінскай прысязе.
Па дадзеных статыстыкі, за 9 гадоў вайны ў Афганістане загінула смерцю храбрых 15,5 тысячы савецкіх салдат. Адзін з тых, хто не вярнуўся дадому жывым, — Леанід Сандзюк з вёскі Васюкі. Праўда, нарадзіўся хлопец і жыў у вёсцы Стуканы Глыбоцкага раёна, адтуль у сакавіку 1981 года пайшоў у армію. Затым бацькі пераехалі ў вёску Васюкі нашага раёна. Цяпер там пражывае яго бацька — Веніямін Паўлавіч з дачкой (маці адышла ў свет іншы). У пакоі бацькі на відным месцы партрэт Леаніда, на якім ён навечна застыў маладым.
— Леанід спачатку служыў у Мар’інай Горцы, затым трапіў у Туркменістан, а летам таго ж года ён ужо быў у Афганістане, — дзяліўся з намі ўспамінамі пры сустрэчы Веніямін Паўлавіч. — У снежні сын пісаў: “Стаім высока ў гарах. Ахоўваем аб’ект. Відаць, тут і прыйдзецца сустракаць Новый год”. У студзені 1982 года ў Стуканы даляцела чарговая вестачка ад сына: “Новы год сустракалі без снегу, пры тэмпературы плюс 60. Гэты год мне запомніцца на ўсё жыццё…” Чаму?  Не напісаў, але маё сэрца адчувала, што не даслужыць ён…
У лютым таго ж года Леанід Сандзюк даслаў дадому наступны ліст, у якім пісаў: “Знялі нас з гор. Жывём у палатках. Днём плавімся, а ноччу мерзнем”. А затым настала нямая цішыня без адзінай вестачкі. Цёмнымі начамі ў снах прыходзіў сын да бацькі. Колькі разоў ён, нібы сам быў у Афгане, бачыў, як хлопцы ідуць у атаку, ведаў, што і Лёня там, але ні разу з ім не сустрэўся.
— А аднаго дня іду з работы, — цяжка ўздыхаючы, працягваў размову Веніямін Паўлавіч, — а насустрач жонка са слязьмі: “Лёнечку забілі. Сыночка ў дамавіне вязуць”. У той момант мне здалося, што зямля пад нагамі правалілася…
Затым прыйшло паведамленне з часці. Камандзір пісаў, што Леанід Сандзюк загінуў, ратуючы сяброў і выносячы з пажару боепрыпасы. Пазней у кнізе “Памяць”, экзэмпляр якой падарылі бацьку, мы прачыталі, што Лёня быў цяжка паранены ў час артылерыйскага абстрэлу і памёр ад ран у шпіталі…
У бацькі і па сённяшні дзень жыве памяць, балючая, вострая, крывавая, але такая неабходная для таго, каб не дапусціць новых войнаў.

Мужнаму салдату прысвячаю свой верш:

Падлеткамі хлопцы гулялі ў “вайну”,
Адважна хадзілі ў “разведку”,
Драўляныя ружжы служылі ў “баю”…
Прабеглі гады неўпрыкметку.

Тады і падумаць ніхто з іх не мог,
Што пойдзе ў атаку салдатам,
Ступіўшы за родны, бацькоўскі парог,
З сапраўдным АК-аўтаматам.

Жадаў і ён верна у войску служыць,
Айчыне прысягаю кляўся,
Не мог жа Радзімаю не даражыць!…
Ды ў пекле салдат аказаўся.

Ён піша лісток на прыкладзе АК
З далёкага Афганістана —
“Служым у гарачых, нясцерпных пясках:
Дзень добры вам, тата і мама”…

…Цярпеў у шпіталі ад жудасных ран,
Не жаліўся хлопец нікому…
Ляцеў пад аблокамі “чорны цюльпан”,
І ў ім ён вяртаўся дадому.

А у кнізе “Памяць” пад здымкам  радкі:
“Памёр у шпіталі ад ранаў”.
Хто лёс ім прызначыў крывавы такі?
Вяртаючы “чорных цюльпанаў”!

На фота сыночак зусім малады,
Бацькоўскі жаль не ўмірае.
Каб мір існаваў над зямлёю заўжды,
Стары ў маленні людзей заклікае!
Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *