Не так даўно ў раённым цэнтры рамёстваў адкрылася чарговая выстава. На ёй экспануюцца прадметы, якія могуць зацікавіць любога наведвальніка, бо тут прадстаўлены адзенне і вайсковы рыштунак рыцараў сярэднявечча. Усе экспанаты зроблены ў адпаведнасці з тым узбраеннем, што існавала ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Гэта кальчужны панцыр (кальчуга), гатычны, лямелярны, лускавы і пласцінавы даспехі, шчыты-павезы, якія служылі воінам для аховы цела пры баявых сутычках з ворагам. З элементаў узбраення маюцца кісцяні, булавы, мячы, шаблі. Выстава аформлена такім чынам, што пра кожны элемент вайсковага рыштунку можна падрабязна прачытаць на размешчаных побач інфармацыйных лістах. На малюнках адлюстраваны славянскія конныя дружыннікі, лёгкія літоўскія вершнікі, варажскія дружыннікі-найміты і іншыя воіны сярэднявечча. Дарэчы, выстава будзе працаваць да 15 лютага, таму раім скарыстаць магчымасць і наведаць цэнтр рамёстваў, каб уласна ўбачыць прадстаўленую экспазіцыю.
Сяргей РАЙЧОНАК,
фота аўтара.
