Студзень у Беларусі аб’яўлены месяцам рэлігійнага турызму

Новости Витебщины

 

З гэтай нагоды ў краіне праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на азнаямленне з духоўнай і культурнай спадчынай рэспублікі.

Шаркаўшчынскі раён багаты на шматлікія рэлігійныя храмы, культавыя аб’екты, памятныя месцы, размешчаныя ў гарадскім пасёлку, аграгарадках, буйных і маланаселеных вёсках.

Велічна і прыгожа над раённым цэнтрам ўздымаюцца царква іконы «Усіх смуткуючых Радасць», касцёл Узвышэння Святога Крыжа, Свята-Успенская царква. Непадалёк ад Шаркаўшчыны, у вёсцы Шкунцікі, размешчана Ільінская царква. А ў паўночна-заходнім напрамку ад раённага цэнтра ў в. Варонка — Свята-Успенская стараверская царква, якой больш за 100 год.

Пры пад’ездзе да аграгарадка Германавічы з усіх напрамкаў бачны купалы касцёла Перамянення Пана. А ў суседнім аграгарадку Лужкі, дзе амаль на кожнай вуліцы размяшчаецца вялікая колькасць помнікаў гісторыі і культуры, на цэнтральнай плошчы населенага пункта знаходзіцца царква Раства Багародзіцы. У аграгарадку здаўна мірна суіснуюць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Доказам таму з’яўляецца размяшчэнне непадалёк ад царквы Міхайлаўскага касцёла. Усе пералічаныя вышэй храмы з’яўляюцца дзеючымі.

Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ў Лужках пражывалі яўрэі. Свае набажэнствы яны праводзілі ў малітоўным доме — сінагозе. Падчас Вялікай Айчыннай вайны храм быў амаль зруйнаваны, а пра яго былую веліч цяпер нагадваюць толькі рэшткі.

У нашым раёне ёсць мноства аб’ектаў рэлігійнай накіраванасці — капліц, якіх налічваецца 5: у вёсках Палялейкі, Зорка, Савуткі, Лазовікі і ў аграгарадку Більдзюгі.

Нельга не ўзгадаць той факт, што Шаркаўшчына цесна звязана з гісторыяй жыцця свяшчэннамучанніка Канстанціна Жданава (1875—1919 гг.), настаяцеля Свята-Успенскага храма. Яго мошчы знаходзяцца ў Богаяўленскім кафедральным саборы горада Полацка, а ў Шаркаўшчыне ў 2015 годзе ўстаноўлены бюст святому айцу.

Кожны год ў жніўні ў вёсцы Алашкі праходзіць фестываль «Яблычны Спас», дзе праводзіцца абрад асвячэння яблык і іншай садавіны новага ўраджаю. Гэта мерапрыемства збірае шмат гасцей не толькі з раёна, але і з усёй Беларусі і нават з краін бліжняга замежжа.

На такую важную для любога чалавека тэму, як рэлігія і вера, можна размаўляць і разважаць бясконца. Цяпер, у час Інтэрнэта, не цяжка знайсці патрэбную інфармацыю аб рэлігійных аб’ектах, размешчаных як на тэрыторыі нашага раёна, вобласці і краіны, так і ва ўсім свеце.

Сяргей РАЙЧОНАК.