Ад таго, наколькі своечасова механізатары даставяць на жывёлагадоўчыя фермы кармы, напрамую залежыць колькасць атрыманага і рэалізаванага дзяржаве малака, прывагі ў вазе.
У КУВСП імя Маркава з гэтым праблем не існуе. Штат механізатараў у гаспадарцы невялікі, але тыя, хто працуе на тэхніцы, якасна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Частка трактарыстаў цяпер знаходзіцца ў адпусках, некаторыя рыхтуюць тэхніку ў механічных майстэрнях да пачатку вясенне-палявых работ, іншыя займаюцца падвозам кармоў да жывёлагадоўчых ферм, вывазам арганікі.
— На нашай малочнатаварнай ферме ўтрымліваюцца 233 галавы буйной рагатай жывёлы, — паведаміла загадчык МТФ «Радзюкі» Марына Барыла. — З іх дойны статак складае 176 кароў. Заўсёды ў наяўнасці патрэбная колькасць сенажу, сіласу, сена. Штодзённа ў рацыён кармлення ўключаем камбікорм, шроты.
Побач з фермай размешчаны сянажныя і сіласныя траншэі. Загрузкай кармоў у трактарныя прычэпы займаецца механізатар Аляксандр Кірэй на пагрузчыку «Амкадор». У дзень нашага наведвання трактарыста замяняў Вячаслаў Відун — адзін з вопытных і сумленных механізатараў сельгаспрадпрыемства. Пра яго мы неаднаразова змяшчалі артыкулы ў раённай газеце.
— На дадзены момант я знаходжуся ў працоўным водпуску, — кажа Вячаслаў. — Але калі абставіны патрабуюць маёй дапамогі, абавязкова згаджаюся, бо ўзаемавыручка заўсёды павінна прысутнічаць у зладжаным сяброўскім калектыве.
У цэнтральных механічных майстэрнях рамонтам кормараздатчыка «Хозяин» разам з электрагазазваршчыкамі займаўся трактарыст Уладзімір Данчыкаў.
— Тэхніка хоць і дагледжаная, але мае ўласцівасці ламацца, — з усмешкай на твары прамовіў мужчына. — На працягу паўгадзіны механізм у кормараздатчыку будзе адрамантаваны, і я накіруюся на падвоз сенажу. Больш за дваццаць год у зімні перыяд займаюся гэтым відам работ. Двойчы ў дзень дастаўляю кармы на жывёлагадоўчыя фермы «Радзюкі», «Комплекс», «Савуткі», «Маркі». Летам і восенню займаюся прасаваннем сена, саломы, транспартнымі работамі. Працы ў сельскай гаспадарцы заўсёды хапае. Хто не лянуецца, той заўсёды задзейнічаны ў рабочым працэсе, атрымлівае дастойны заробак. Чатыры гады назад кіраўніцтва гаспадаркі даверыла мне новы трактар «Беларус» МТЗ-82. А перад гэтым 18 год адпрацаваў на аналагічнай тэхніцы айчыннай вытворчасці. Галоўнае, беражліва адносіцца да свайго «сталёвага каня».

