Спецыялісты банкаўскіх устаноў гарадскога пасёлка праводзяць заняткі па фінансавай адукаванасці з вучнямі школ раёна.
Начальнік аддзела рознічнага продажу ЦБУ № 243 у г. п. Шаркаўшчына рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Святлана Буткевіч сустрэлася з вучнямі 5—7 класаў Германавіцкай сярэдняй школы. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі яна правяла тэматычны занятак-гутарку па тэме фінансавай адукаванасці. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у віктарынах і конкурсах. Разам са спецыялістам практыкаваліся ў вырашэнні эканамічных задач. Асаблівую ноту пазітыву ўнеслі зносіны з вясёлым Агрыкам — казачным персанажам, сімвалам дзіцячай банкаўскай ашчаднай праграмы.
— Свае заняткі мы праводзім для дзяцей, якія яшчэ толькі мараць аб дарослым жыцці, вучым іх правільна разумець каштоўнасць і значнасць грошай, — кажа Святлана. — Бо стаць паспяховым чалавекам без фінансавых ведаў сёння немагчыма. Узрост 11—13 год быў выбраны невыпадкова. Менавіта ў такі перыяд жыцця неабходна вучыць фінансавай адукаванасці. У падлеткаў з’яўляюцца ўласныя грошы, зберажэнні, якімі яны вучацца распараджацца. Мы, спецыялісты банкаўскай установы, дапамагаем засвоіць нескладаныя правілы навукі аб фінансах.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

