Валерый Жук у 1988 годзе васемнаццацігадовым юнаком прызваўся на тэрміновую вайсковую службу. Перад гэтым паспеў скончыць восем класаў Шаркаўшчынскай СШ № 1, набыць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Полацкім СПТВ і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне ў аўташколе ДТСААФ. Служыць давялося ў далёкім Самаркандзе. Там жа, скончыўшы “вучэбку”, Валерый напісаў рапарт вайсковаму камандаванню аб накіраванні яго ў Афганістан. Часткова к гэтаму часу савецкія войскі выводзіліся з “гарачай кропкі”. Тэхнічная рота, у якой служыў Валерый, дыслацыравалася на адным з аэрадромаў горада Баграм. Нашы ваенныя сачылі за паветранай прасторай рэспублікі, таму і знаходзіліся на яе тэрыторыі амаль да апошніх дзён вайны. На чужой афганскай зямлі Валерый прабыў чатыры месяцы, служыў на аўтамабілі УРАЛ-4320. У яго абавязкі уваходзілі электразапітка самалётаў перад вылетам і транспарціроўка паветраных машын па аэрадроме. І хоць асабіста Валерыю пашанцавала жывым і здаровым вярнуцца на радзіму, у памяці воіна-інтэрнацыяналіста назаўсёды засталіся крывавыя малюнкі той жудаснай вайны. А заканчваў тэрміновую службу наш зямляк у суседніх з намі Паставах, у авіяпалку, з’яўляўся вадзіцелем санітарнай аўтамашыны ГАЗ-66.
Цяпер жа Валерый Жук працуе электраманцёрам на раённым вузле электрычнай сувязі. Клапоціцца пра спраўнасць тэлефонных ліній і якасць абслугоўвання абанентаў раёна. Бо дзякуючы тэлефоннай сувязі і сусветнай сетцы Інтэрнэт і сам заўсёды мае магчымасць падтрымліваць зносіны з былымі саслужыўцамі, з тымі, хто разам з Валерыем абараняў неба Баграма.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
