Стварыць умовы для гарманічнага развіцця асобы лічыць галоўным у сваёй рабоце дырэктар Лужкаўскай СШ Ларыса Віктараўна Гараніна

Молодежь

Лужкаўская сярэдняя школа — адна з самых вялікіх па колькасці навучэнцаў у нашым раёне, у ёй вучацца 174 вучні. Яна мае багатыя традыцыі навучання і выхавання. Тут школьнікі набываюць веды, займаюцца спортам, працуюць на прысядзібным участку, удзельнічаюць у розных праектах, конкурсах, займаюць прызавыя месцы на алімпіядах. Адным словам, вядуць актыўнае, цікавае, напоўненае падзеямі жыццё. Ва ўсім гэтым бачыцца заслуга педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам школы Ларысай Віктараўнай Гаранінай.
Ларыса Віктараўна з самага дзяцінства марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, менавіта гэтыя прадметы падабаліся найбольш. Таму іншага шляху акрамя педагагічнага і не ўяўляла. Скончыла педінстытут у Віцебску і вярнулася ў родныя мясціны. Працоўную дзейнасць пачынала настаўніцай пачатковых класаў Улінаўскай базавай школы, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Стральцоўскай БШ, з 2002 па 2006 год была яе дырэктарам. Калі ў 2006 годзе была прызначана на пасаду дырэктара Лужкаўскай СШ, было пэўнае хваляванне, як атрымаецца справіцца з вялікай адказнасцю. Але яно аказалася дарэмным. Любоў да вучняў, уменне адшукаць агульную мову з калегамі, самадысцыпліна, творчы падыход і пошук новых метадаў работы — гэтыя якасці вызначаюць дзейнасць Ларысы Віктараўны на пасадзе дырэктара і дапамагаюць стварыць у школе спрыяльную для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы вучняў атмасферу. Вялікая работа ў перыяд яе кіраўніцтва праведзена па рамонце школы, добраўпарадкаванню, эстэтычнаму афармленню. Асаблівым прадметам гонару Лужкаўскай школы з’яўляецца прышкольны ўчастак, які складаецца з пладовага саду, дэндрарыя, зоны адпачынку. Калі школу наведваюць госці (а ім у Лужках заўсёды рады), то паглядзець ёсць на што. Прысядзібны ўчастак прыносіць і практычную карысць: тут для ўласных патрэб школы вырошчваюцца гародніна, кветкі, лекавыя травы. Штосьці ідзе і на продаж, прыносячы школе прыбытак.
За сваю плённую работу Ларыса Віктараўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і падзякамі. Часта яна ўдзельнічае ў педагагічных канферэнцыях на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях, на якіх дзеліцца вопытам работы.
Шматлікія адміністрацыйныя абавязкі не перашкаджаюць дырэктару школы займацца непасрэдна педагагічнай дзейнасцю. Ларыса Віктараўна закончыла курсы павышэння кваліфікацыі і выкладае інфарматыку, стараецца зрабіць урокі цікавымі і пазнавальнымі.
— Любоў да дзяцей — гэта вызначальная рыса характару для педагога, — кажа яна. — Дзеці — гэта наша шчасце, галоўнае багацце, наша будучыня. У многім менавіта ад школы, настаўніка залежыць выхаванне будучых грамадзян краіны. Наш педагагічны калектыў прыкладае ўсе намаганні, каб выхаваць сумленных, адказных, чулых людзей, каб у нашай школе яны атрымалі не толькі веды, але і рыхтаваліся да ўступлення ў дарослае жыццё. Хачу падзякаваць сваім калегам, бо вельмі лёгка працаваць, калі цябе разумеюць, падтрымліваюць. Цудоўна тое, што ў нашай школе вучацца таленавітыя і разумныя дзеці, якія даюць стымул і натхненне для плённай працы.
Ну а доказам любові вучняў да сваёй школы з’яўляецца тое, што выпускнікі пры любой магчымасці стараюцца наведаць навучальную ўстанову, дзе калісьці рабілі першыя сур’ёзныя крокі ў жыцці.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *