Як стварыць моцную сям’ю, быць разам, нягледзячы на складанасці, і пранесці каханне праз усё жыццё? Адказ на гэта пытанне ведаюць Мікалай і Вольга Латушка з аграгарадка Лужкі.
Мікалай нарадзіўся і вырас у вёсцы Крупенішча Міёрскага раёна. Скончыў школу, адслужыў у войску і зноў вярнуўся ў родныя мясціны, каб застацца жыць і працаваць на малой радзіме.
Непадалёк ад Крупенішча, на процілеглым беразе ракі Дзісна, у вёсцы Людвінова ў шматдзетнай сям’і расла дзяўчына Вольга. Пасля заканчэння Акунёўскай сярэдняй школы Вольга марыла быць настаўніцай. Паехала здаваць уступныя іспыты ў Даўгапілскі педагагічны інстытут, але крыху не хапіла балаў, каб стаць студэнтам.
Аднойчы на вечарыне ў Германавічах Мікалай пазнаёміўся з Вольгай. Маладыя людзі пасябравалі, спатканні сталі частымі, хоць іх вёскі раздзяляла рака. Неўзабаве юнак зрабіў сваёй любай прапанову рукі і сэрца.
Маладыя жылі ў Крупенішчы, непрацяглы перыяд у вёсцы Красная Гара. А ў 1989 годзе адміністрацыя саўгаса выдзеліла ім новы дом у вёсцы Гарадзец, дзе Мікалай і Вольга пражываюць і зараз.
Старэйшая дачка Наталля, скончыла Германавіцкую СШ, жыве ў аграгарадку, працуе ў жывёлагадоўлі. Не далёка ад бацькоўскага парога ад’ехала малодшая — Алеся. Яе сям’я жыве ў Бортніках Глыбоцкага раёна.
Цешаць вока дзядулі і бабулі два ўнукі, дзве ўнучкі, падрастаюць праўнукі — галоўнае шчасце і багацце Мікалая і Вольгі Латушкаў.
— Каб разам прайсці праз усё жыццё, трэба з павагай адносіцца да любімага чалавека, некаторы раз саступаць яму, ні ў якім разе не крыўдзіць, — упэўнена Вольга.
— Я нават не памятаю, каб у нашай сям’і былі сваркі і звадкі, — дадае Мікалай. — Кожны дзень напоўнены каханнем і клопатам.
Чарговай нагодай сабрацца за ўтульным сямейным сталом стала 55-годдзе сумеснага жыцця Мікалая і Вольгі. Сямейная пара адзначыла ізумруднае вяселле.
Павіншаваць юбіляраў завіталі старшыня Лужкаўскага сельвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Краснадубская і намеснік дырэктара КУВСП «Гарадзец» па ідэалагічнай рабоце Наталля Катушонак. У адрас Мікалая і Вольгі гучалі словы віншаванняў, пажаданняў сямейнага дабрабыту, доўгіх сумесных год шчаслівага жыцця, якое насычана ўзаемнымі каханнем і павагай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

