У межах адзінага дня інфармавання насельніцтва намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Радзюкі і работнікамі КУВСП імя Маркава.
Тэмай сумеснай гутаркі стала Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як прававы фундамент адзінства і працвітання беларускага народа.
— Крыху больш за тры дзесяцігоддзі назад Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь устанавіў канстытуцыйны базіс беларускай дзяржавы і грамадства, вызначыў вектар палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця нашай маладой, але ўжо суверэннай краіны, — адзначыў Юрый Васілеўскі. — Так пачаўся адлік новага гістарычнага этапа сучаснай Беларусі.
Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь — гэта па-сапраўднаму народны дакумент, бо беларусы прынялі сваю Канстытуцыю на агульнанацыянальным рэферэндуме. Ён з’яўляецца правілам жыцця для ўсёй краіны.
Мы жывём у адзіным прававым, палітычным, культурным асяродку. Абараняем і ўмацоўваем свае ідэалы і каштоўнасці, будуем планы на паспяховую будучыню для нас і нашых дзяцей.
Наша Канстытуцыя — гэта фундамент, які ўвасабляе пераемнасць і сувязь усіх гістарычных і нацыянальных форм беларускай дзяржаўнасці.
У апошнія гады ўсё больш на слыху ў грамадстве кіберзлачынствы. Гэта тэма надзвычай актуальная, бо ахвярамі махляроў становяцца звычайныя грамадзяне. Тэхналогіі развіваюцца, а разам з імі і людзі, якія выкарыстоўваюць іх у злачынных мэтах. Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Нікалаеў на прыкладах з уласнай практыкі расказаў, якія кіберзлачынствы здзяйсняюцца часцей за ўсё, заклікаў быць усіх уважлівымі і пільнымі, асабліва пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый, набыцці тавараў у інтэрнэце, пры зносінах з незнаёмымі асобамі.
— Актуальнымі застаюцца махлярствы, звязаныя з крыптабіржамі. Злачынныя схемы ўдасканальваюцца кожны дзень і перад тым, як згадзіцца інвестыраваць свае грашовыя накапленні, уважліва ўдакладняйце звесткі аб выбраным інтэрнэт-рэсурсе, — падкрэсліў Андрэй Нікалаеў.
Начальнік РАУС засяродзіў увагу на махлярствах ў сусветным сеціве, асабліва ў сетцы Інстаграм. Назваў прыкметы, якія ўказваюць на тое, што дадзены акаунт з’яўляецца махлярскім. Ён рэкамендаваў мінаць прапановы аб продажы тавараў па «самым прывабным кошце». Гэтым кожны з нас можа засцерагчы сябе ад дзеянняў злачынцаў і зберагчы свае фінансавыя сродкі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


