Прадстаўнікі Шаркаўшчынскай СШ №2 прынялі ўдзел ў экалагічным свяце ў Міёрах

Актуальное

вучаніцы СШ № 2, якія прымалі ўдзел у экалагічным свяце

6 лютага ў Міёрах праходзіла экалагічнае свята, прысвечанае Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў. Мерапрыемства было арганізавана сумесным праектам Еўрапейскага Саюза/Праграмы развіцця арганізацыі аб’яднаных нацый (скарочана ЕС/ПРААН) пад дэвізам “Садзеянне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”, Міёрскім аддзелам адукацыі райвыканкама, настаўнікамі і вучнямі “Зялёных школ”, заказнікам “Ельня”.
Ад нашага раёна прымалі ўдзел у свяце, якое праходзіла на базе Міёрскай школы № 2, вучні (па чатыры чалавекі ад кожнай) з Шаркаўшчынскіх СШ № 1 і СШ № 2, Германавіцкай і Лужкаўскай СШ разам з настаўнікамі Аляксандрай Аляксандраўнай Протас, Аксанай Паўлаўнай Пачапко, Марынай Аляксандраўнай Фёдаравай і Аленай Генрыхаўнай Арэхавай.
Трэба сказаць, што ўжо не першы год настаўнікі “Зялёных школ” сумесна з прадстаўнікамі праекта ЕС/ПРААН праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы ў школах Міёрскага і нашага раёнаў, на тэрыторыі якіх размешчаны заказнік “Ельня”. Мэтай правядзення такой акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі прысутных (школьнікаў, гасцей, мясцовага насельніцтва) да праблемы захавання біяразнастайнасці на тэрыторыі водна-балотных угоддзяў, набыццё вучнямі і настаўнікамі школ двух раёнаў вобласці новых ведаў аб флоры і фауне заказніка “Ельня”, фарміраванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ў падлеткаў.
…Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства з прывітальнымі словамі да прысутных выступілі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, каардынатары праекта ЕС/ПРААН, спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, настаўнікі і вучні “Зялёных школ”, дырэктар заказніка “Ельня”.
Сёлета свята праводзілася ў больш шырокіх маштабах. Прайшло тэатралізаванае прадстаўленне на тэму захавання водна-балотных угоддзяў, арганізоўваліся конкурсы і віктарыны сярод вучняў “Зялёных школ”, быў праведзены кінапаказ двух фільмаў аб балоце Ельня, якія здымаліся ў рамках праекта ЕС/ПРААН. Спецыяльна для шаркаўчан быў арганізаваны паказ цэнтра заказніка “Ельня”, адкрытага ў верасні 2013 года таксама ў рамках таго ж праекта. Гэта тое месца, дзе восенню перад адлётам збіраюцца жураўлі. Былі падрыхтаваны цікавыя заданні, якія выконвалі самі госці мерапрыемства.
Усе каманды прадэманстравалі розныя гульні, правялі майстар-клас па вырабу штучных жураўлёў, адбыўся ўрок-практыкум.
— Гэтая паездка вельмі натхніла нашых вучняў на далейшыя справы, — паведаміла настаўніца СШ № 2 Аксана Паўлаўна Пачапко. — Удзельнікі “Зялёнай школа” мяркуюць прымаць удзел у розных конкурсах і выконваць заданні.
Усе прысутныя свята атрымалі каштоўныя падарункі.

Падвялі вынікі ў школе
Праз пару дзён пасля паездкі ў Міёры, у Шаркаўшчынскай СШ № 2 прайшло агульнашкольнае мерапрыемства для вучняў 5—11 класаў пад назвай “Зачараванае балота “Ельня”. Падзяліліся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ўдзельнікі “Зялёнай школы”, якія яны атрымалі ў час экалагічнага свята, прысвечанага Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў. Былі прадэманстраваны фільмы “Ельня — самае вялікае балота Беларусі” і “На Ельню за жураўлямі”. У заключэнні сустрэчы самыя актыўныя вучні атрымалі граматы і невялікія падарункі ад грамадскай арганізацыі “Ахова птушак бацькаўшчыны”.
Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *