
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам пад назвай “Суровая школа мужнасці”. Аб ёй нам расказвае бібліятэкар Алена Фромертас:
— Да нас у госці завітаў наш зямляк, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, Васілій Савіч Протас. Адразу хочацца адзначыць, што Васілій Савіч аказаўся вельмі цікавым субяседнікам. Ён падрабязна расказаў дзецям, вучням 6 “А” класа СШ № 1, аб тым, як трапіў на вайну, праз што давялося яму прайсці, пра мужчынскую дружбу і вернасць воінскаму абавязку, растлумачыў, за што атрымаў медаль “За адвагу”.
Затым дзеці задалі воіну-інтэрнацыяналісту шмат пытанняў, на якія атрымалі змястоўныя адказы. На пытанне “Ці шкадуеце вы аб тым, што трапілі на вайну ў Афганістан?” Васілій Савіч чыстасардэчна прызнаўся, што не шкадуе. Гэта была для яго школа жыцця. А ўсім прысутным ў зале хлопчыкам, будучым салдатам, Васілій Савіч пажадаў любіць сваю Радзіму, выхоўваць у сабе найлепшыя чалавечыя якасці і ніколі не зведаць тых жахаў вайны, праз якія давялося прайсці яму.
На заканчэнне святочнай сустрэчы вучні разам са сваім класным кіраўніком Крысцінай Аляксандраўнай Майсяёнак і супрацоўнікамі бібліятэкі падзякавалі Васілію Савічу за яго цікавы аповед і ўручылі памятны сувенір. Гэта сустрэча надоўга застанецца ў памяці хлопчыкаў і дзяўчынак і стане сапраўдным урокам мужнасці і патрытызму, вернасці воінскаму доўгу.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
