
21 лютага адзначаўся Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў Лужкаўскай бібліятэцы прайшло цікавае мерапрыемства з вучнямі 4 класа мясцовай школы. Больш падрабязна аб ім нам расказвае загадчыца бібліятэкі Ірына Машара:
— Мова — духоўны скарб народа. Гэта не толькі сродак, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця і працы народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мілагучнасць, прыгажосць, напеўнасць беларускай мовы не раз адзначалі вядомыя пісьменнікі і паэты. Напрыклад, Уладзімір Дубоўка пісаў:
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка…
Мы валодаем адной з найпрыгажэйшых славянскіх моў — беларускай. Таму ўрок беларусазнаўства “Гучы, мая мова, як срэбны званочак!” быў прымеркаваны да Міжнароднага Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Вучням 4 класа Лужкаўскай СШ было прапанавана шмат конкурсаў-заданняў: адгадаць беларускія загадкі, скласці прыказку і растлумачыць яе сэнс, вымавіць скорагаворкі, агучыць па-беларуску рускія словы, назваць як мага больш беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, па ўрыўках і ілюстрацыях узгадаць беларускія народныя казкі. Часопіс “Вясёлка” дапамог выявіць самага выразнага чытальніка вершаў. Напрыканцы мерапрыемства адбыўся агляд новай літаратуры “Беларускія пісьменнікі — дзецям”, якой апошнім часам папоўніўся бібліятэчны фонд установы. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі, лепшымі “знаўцамі беларускага слова” сталі Паліна Цітовіч, Арыяна Морхат, Арцём Бягун, Вара Калесніковіч, Насця Драздова, Антон Барсук і іншыя.
Хочацца спадзявацца, што ў нашых сэрцах ніколі не згасне любоў да роднай зямлі і матчынай мовы.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
На ЗДЫМКУ: вучні Лужкаўскай СШ на ўроку беларусазнаўства ў мясцовай бібліятэцы
