«Будаваць, значыць жыць!»: У гэтым упэўнены дырэктар Шаркаўшчынскай ПМК № 68 Васіль Бягун

Общество

У гэтым упэўнены дырэктар Шаркаўшчынскай перасоўнай механізаванай калоны № 68 Васіль Бягун.

Калі чуеш слова «паштальён», то адразу ўзнікае асацыяцыя з газетамі і часопісамі, «бухгалтар» — з лічбамі, «настаўнік» — з дзецьмі. Розныя ўяўленні выклікае і слова «будаўнік».

— Асабіста для мяне будаўнік — гэта чалавек, які стварае ўтульнасць для кожнага з нас, — кажа Васіль Бягун. — Ён робіць зямлю прывабнай і адметнай, пакідае пасля сябе добры след. Прафесія будаўніка няпростая: трэба працаваць пад адкрытым небам у любое надвор’е. Затое як прыемна потым бычыць вынікі сваёй працы.

Лічу, што любое будаўніцтва — добры паказчык таго, што жыццё працягваецца. Нягледзячы на тое, што наша арганізацыя перажывае не лепшыя часы, мы стараемся трымацца, шукаючы аб’ёмы работ як у сваім раёне, так і за яго межамі. Праводзім рамонтныя работы ў будынках раённага выканаўчага камітэта, раённага цэнтра культуры, Міёрскага райвыканкама. На сённяшні дзень асноўным нашым аб’ектам з’яўляецца пяціпавярховік у мікрарёне будаўнікоў раённага цэнтра па вуліцы Рабочая. Будаўніцтва панэльнага аднапад’езднага 40-кватэрнага дома мы пачалі ў сакавіку. Па аб’екце выступаем генеральным падрадчыкам.

— На сённяшні дзень усе віды работ, а гэта ўзвядзенне цокальнага паверха, выконваем самі, — далучыўся да гутаркі майстар будаўніча-машынных работ Сяргей Краўчанка. — Штодзённа тут працуюць больш дваццаці чалавек. З павелічэннем аб’ёмаў работ задзейнічаем субпадрадчыкаў. Для зручнасці пражываючых спецыялісты ўстановяць ліфт. Дарэчы, кватэры ў доме будуць арэнднымі. Безумоўна, новы пяціпавярховік стане ўпрыгожаннем не толькі мікрараёна будаўнікоў, але і ўсяго гарадскога пасёлка. Дадзены дом узводзім з будаўнічых панэляў. Гэта больш выгадна, таму што тэмпы работ павялічваюцца. Будучыя жыхары заселяцца ў адна-, двух-, трохпакаёвыя кватэры. Побач плануецца будаўніцтва аўтастаянкі, дзіцячай пляцоўкі.

Як мы даведаліся, у арганізацыі налічваецца 46 работнікаў разам з адміністрацыяй. Па словах кіраўніка, вельмі не хапае кваліфікаваных спецыялістаў: муляроў, бетоншчыкаў, плітачнікаў, тынкоўшчыкаў, патрабуюцца таксама і рознарабочыя. Спадзяёмся, што ў хуткім часе вакансіі будуць закрыты, аб’ёмы работ павялічацца і арганізацыя будзе працаваць на поўную моц, як і ў мінулыя гады.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.