Агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці Васюкоўскага, Пялікаўскага, Лужкаўскага, Навасельскага СДК і Жукоўшчынскага сельскага клуба

Актуальное

удзельнікі мастацкай самадзейнасці Жукоўшчынскага СК

Завяршыўся агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці клубных устаноў раёна. Апошнімі свае творчыя напрацоўкі за мінулы год паказалі Васюкоўскі, Пялікаўскі, Лужкаўскі, Навасельскі СДК і Жукоўшчынскі сельскі клуб.

Сярод нумароў канцэртнай праграмы Васюкоўскага СДК асабліва ўразіў аповед пра жанчын (маці і жонак) вялікіх рускіх і савецкіх пісьменнікаў, падрыхтаваны бібліятэкарам Наталляй Гігола. Цікавае мерапрыемства прайшло ў форме літаратурнай гадзіны.

У Жукоўшчынскім СК хоць і невялікая колькасць удзельнікаў гурткоў, але кожнае клубнае аб’яднанне яскрава паказала свае гадавыя напрацоўкі. Песнямі пад гармонік весяліў прысутных Іосіф Квач, спевамі і вершамі — Лілія Балгова, Маша і Ларыса Райчонак, Насця Квач і Насця Пахілка, Уладзімір Савіцкі. Воку наведвальніка прадстаўлена выстава сукенак, зробленых рукамі ўдзельніц аматарскага аб’яднання “Гаспадыня”, і зусім незвычайная выстава таксідэрміі (тэхніка вырабу чучалаў звяроў). Дарэчы, гэтым накірункам займаецца звычайная вясковая жанчына — Таццяна Беласлудцава.

Затым канцэртныя праграмы прадставілі Пялікаўскі і Навасельскі СДК. Кожны з іх па-свойму раскрыў работу клубных аб’яднанняў, у рознай ступені прадэманстраваўшы творчыя магчымасці і набыткі.

Поўную залу гледачоў сабраў на выніковы канцэрт Лужкаўскі сельскі Дом культуры. Сцэнарый праграмы, распрацаваны мастацкім кіраўніком Ірынай Буднік, прадугледжваў міні-падарожжа па святах і адметных датах мінулага года. А дванаццаць месяцаў, ролю якіх выканалі вучні школы і чатырохгадовы выхаванец дзіцячага сада Мацвей Грыдзюшка, дапамаглі артыстам данесці да гледача цеплыню і радасць кожнага нумара, стварыць утульную атмасферу на працягу амаль дзвюх гадзін прагляду канцэртнай праграмы. На заканчэнне народны вакальны ансамбль “Лужкаўскія песняры”, які ўжо даўно стаў візітнай карткай клубнай установы, прыпаднёс падарунак публіцы, выканаўшы некалькі песень у тэатралізаванай апрацоўцы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

спявае Валерыя Тадасіева (Лужкаўскі СДК)
танец “Яблочко” у выкананні Мацвея Грыдзюшкі (Лужкаўскі СДК


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *